Рэдактар «Нашай Нівы»: усіх супрацоўнікаў выданьня выклікаюць на допыты

«Наша Ніва»

Ягор Марціновіч напісаў у сваім Фэйсбуку, што ўсіх журналістаў «Нашай Нівы» выклікаюць на допыты па крымінальнай справе, у якой галоўны рэдактар выданьня выступае ў якасьці падазраванага.

«Сьледчы камітэт запускае свой канвэер. На наступны тыдзень выклікаюць на допыты ўсіх 20 супрацоўнікаў „Нашай Нівы“», — напісаў Марціновіч.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» зьяўляецца падазраваным па арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Пацярпелым праходзіць былы намесьнік міністра МУС (цяпер памочнік прэзыдэнта па Менску) Аляксандар Барсукоў.

У артыкуле «Нашай Нiвы» «дыджэй пераменаў» Улад Сакалоўскі сказаў, што Барсукоў зьбіваў яго на Акрэсьціна. Ён расказаў, што палову тэрміну правёў у карцары, а на нарах спаў усяго дзьве ночы — тры астатнія драмаў на зэдліку.

Пазьней даведаўся, што яго асабіста зьбіваў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў. Баючыся далейшага перасьледу, Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў зьехалі ў Літву.

Арт. 188 прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышту, або абмежаваньня волі на тэрмін да трох гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыджэй пераменаў» расказаў, што ў карцары яго біў намесьнік міністра Барсукоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнік менскага АМАПу падаў пазоў на «Нашу Ніву», патрабуе абвяржэньня і 3000 рублёў кампэнсацыі