Новыя санкцыі супраць «Паўночнага патоку» ўключылі ў праект абароннага бюджэту ЗША

Судна «Акадэмік Чэрскі», якое можа быць выкарыстанае для дабудаваньня газаправоду «Паўночны паток — 2».

Кангрэс ЗША ўзгадніў новыя санкцыі супраць расейскага газаправоду «Паўночны паток — 2». Яны ўключаны ў праект абароннага бюджэту на 2021 год.

Дакумэнт прапануе ўвесьці абмежаваньні супраць кампаній, якія ставяць зварачнае абсталяваньне на судны, задзейнічаныя ў кладцы труб або ў іх мадэрнізацыі. Акрамя таго, пашыраюцца санкцыі на кампаніі, якія прапаноўваюць страхавыя і сэртыфікацыйныя паслугі ўдзельнікам праекту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашыраць санкцыі супраць «Паўночнага патоку — 2»

Абаронны бюджэт ЗША абавязковы для прыняцьця, таму ў яго часта ўключаюцца палажэньні, якія ня маюць непасрэднага дачыненьня да фінансаваньня вайскоўцаў.

У ходзе абмеркаваньня дакумэнту кангрэсмэны выключылі прыняцьце з прычыны «Паўночнага патоку — 2» санкцый супраць ураду Нямеччыны, куды пракладваецца газаправод, і іншых краін Эўразьвязу ды Швайцарыі, Нарвэгіі і Вялікай Брытаніі, паведамляе Deutsche Welle. Акрамя таго, дакумэнт дазваляе прэзыдэнту ЗША часткова адмовіцца ад санкцый, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Эўракамісіі: «Паўночны паток — 2» — палітычны праект

Злучаныя Штаты лічаць праект будаўніцтва «Паўночнага патоку» палітычным, накіраваным на тое, каб узмацніць ціск на Ўкраіну, празь якую Расея цяпер экспартуе газ, і пабольшыць залежнасьць Эўропы ад расейскага газу. Такой самай думкі прытрымліваюцца многія краіны ЭЗ. Улады Нямеччыны па-ранейшаму выступаюць за дабудаваньне газаправоду. Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што праект гэты выключна эканамічны.