Трамп пацьвердзіў гатоўнасьць пакінуць Белы дом у выпадку паразы

Дональд Трамп

Дональд Трамп упершыню пацьвердзіў, што пакіне Белы дом, калі Калегія электараў прызнае дэмакрата Джо Байдэна пераможцам выбараў, перадае «Голас Амэрыкі». Прэзыдэнт сказаў пра гэта, зьвяртаючыся ў гонар Дня падзякі па відэасувязі да амэрыканскіх вайскоўцаў, якія нясуць службу за мяжой, паведамляе агенцтва Reuters.

Пасяджэньне Калегіі электараў, падчас якога, згодна з амэрыканскім заканадаўствам, абраны прэзыдэнт будзе афіцыйна прызнаны пераможцам выбараў, пройдзе 14 сьнежня, а інаўгурацыя новага прэзыдэнта — 20 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачынаецца працэс перадачы ўлады ад Дональда Трампа Джозэфу Байдэну

Пасьля заканчэньня відэаканфэрэнцыі Дональд Трамп упершыню з дня выбараў адказаў на пытаньні журналістаў. Падчас кароткага брыфінгу ён чарговы раз абвінаваціў «несумленных» службовых асобаў, якія адказвалі за правядзеньне выбараў на ўзроўні штатаў, у масавых фальсыфікацыях, што ў выніку, паводле Трампа, прывяло да яго паразы.

Прэзыдэнт назваў праведзеныя выбары «фальсыфікацыяй» і рэзка раскрытыкаваў улады Джорджыі і Пэнсыльваніі, якія, паводле яго, дапамаглі Байдэну дамагчыся перамогі. Як паведамляе Associated Press, Трамп назваў іх «ворагамі дзяржавы» і ўсклаў на іх віну за фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп звольніў кіраўніка агенцтва, якое адказвала за бясьпеку выбараў прэзыдэнта ЗША

«Натуральна, я гэта зраблю, і вы гэта выдатна ведаеце, — адказаў Трамп на пытаньне рэпартэра. — Прызнаць паразу будзе цяжка, таму што мы ведаем, што мела месца маштабнае махлярства».

Улады штатаў і міжнародныя назіральнікі неаднаразова адмаўлялі абвінавачаньні Трампа, каманда якога пакуль што не змагла даць пераканаўчых доказаў масавых фальсыфікацый. Суды ў некалькіх штатах адмовіліся разглядаць шматлікія пазовы, пададзеныя рэспубліканцамі і юрыдычнай камандай прэзыдэнта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адхіліў пазоў Трампа супраць падліку галасоў на выбарах у Пэнсыльваніі