Васкрасенскі, які арганізаваў круглы стол пасьля сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ, заклікаў улады амніставаць палітвязьняў

Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка наведаў СІЗА КДБ, дзе сустрэўся з палітвязьнямі.

Палітоляг Юры Васкрасенскі, якога выпусьцілі на падпіску пра нявыезд, арганізаваў круглы стол і выступіў з заявай па яго выніках.

«„Круглы стол дэмакратычных сіл“ выступае за правядзеньне амністыі для палітвязьняў. Мы зьвяртаемся да Ўсебеларускага народнага сходу з просьбай ініцыяваць перад Палатай прадстаўнікоў, Саветам Рэспублікі і прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь прыняцьце Закону аб амністыі, што, разам з зацьвярджэньнем зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, стане сымбалем перазагрузкі адносін улады і грамадзтва, абнаўленьня палітычнага і прававога поля краіны, важным і мужным крокам з боку ўлады да нармалізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне», — гаворыцца ў заяве.

Тэрміны правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу ня вызначаныя. Амністыя, паводле беларускага заканадаўства, можа прымяняцца да ўжо асуджаных.

Праваабаронцы кажуць, што цяпер у турмах Беларусі 132 палітвязьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі 5 зьняволеных студэнтаў і выкладчыцу палітвязьнямі. Усяго такіх у Беларусі ўжо 132