Лекары шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі правялі акцыю салідарнасьці з затрыманым калегам — мэдыкам, які абверг словы ўладаў, нібыта падчас бойкі на «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў п'яны. Мэдыкі трымалі ў руках аркушы з надпісам «0 праміле».
Сьледам за мэдыкамі супрацоўнікі парталу Tut.by сталі ў калідоры з аркушамі «0 праміле» (мэдычная экспэртыза не паказала наяўнасьці алькаголю ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі — насуперак сьцьверджаньням уладаў).
Ужо пятыя суткі ў СІЗА КДБ знаходзяцца доктар лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі Арцём Сарокін, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны пра сьмерць Рамана Бандарэнкі, і журналіст Tut.by Кацярына Барысевіч, якая напісала пра гэта артыкул.
У чым вінавацяць лекара і журналістку
Затрыманы лекар лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Арцём Сарокін, якога Генпракуратура падазрае ў выдаваньні мэдычнай тайны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Забралі грошы з дня нараджэньня дзіцяці». Лекар, якога падазраюць у выдаваньні мэдычнай тайны, застаецца пад вартайПра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Натальля. Знаходжаньне пад вартай яму працягнулі і дазволілі перадаць перадачы. Затрыманы лекар працуе анэстэзіёлягам-рэаніматолягам у бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі. Ён доктар найвышэйшай катэгорыі, яму 36 гадоў. Натальля таксама лекарка, яны маюць траіх дзяцей. Сям’я жыве ў Пухавіцкім раёне.
19 лістапада Генпракуратура паведаміла, што распачала крымінальную справу супраць доктара лякарні хуткай мэдычнай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (выдаваньне мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў).
Паводле Генпракуратуры, «наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу, якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдычнага агляду Рамана Бандарэнкі».
«Тым самым ён выдаў мэдычную тайну, пры гэтым даў недакладную інфармацыю, — заявілі ў Генпракуратуры. — Дзеяньні названых асобаў пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія праявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў».
Журналістка TUT.BY Кацярыну Барысевіч была аўтарам артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Кацярыну пакінулі ў СІЗА КДБ да прад’яўленьня абвінавачаньня. Яна праходзіць падазраванай паводле той самай ч. 3 арт. 178 КК. Яе затрымалі 19 лістапада. Крымінальную справу пачала Генпракуратура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сьледчы ня даў адвакату дазволу наведаць у СІЗА КДБ зьняволеную журналістку Tut.by