Яшчэ адна вакцына супраць COVID-19 паказала высокую эфэктыўнасьць

Ілюстрацыйнае фота

Кампанія AstraZeneca абвясьціла, што эфэктыўнасьць вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі новага тыпу, якую яна распрацоўвае разам з Оксфардзкім унівэрсытэтам, складае 70%.

У ходзе тэстаў правяраліся два варыянты ўвядзеньня вакцыны, якія прадэманстравалі розную эфэктыўнасць, гаворыцца ў паведамленьні.

У першым выпадку амаль тры тысячы чалавек спачатку атрымалі вакцыну ў палавіннай дозе, а празь месяц у поўнай. Такі спосаб вакцынацыі паказаў эфэктыўнасьць 90 адсоткаў. Варыянт з паўторным увядзеньнем поўнай дозы з розьніцай у месяц у амаль 9 тысяч добраахвотнікаў паказаў эфэктыўнасць ў 62 адсоткі. Такім чынам, з улікам абодвух тэстаў сярэдняя эфэктыўнасць вакцыны, распрацаванай AstraZeneca, складае 70 працэнтаў, адзначаецца ў паведамленьні кампаніі.

У прэс-рэлізе асабліва падкрэсьліваецца, што вакцына AstraZeneca можа захоўвацца пры тэмпэратуры ад 2 да 8 градусаў па Цэльсію, а правядзеньне вакцынацыі не патрабуе нейкіх асаблівых умоў.

AstraZeneca гатова вырабіць да 3 мільярдаў доз вакцыны ў 2021 годзе, калі яе распрацоўка будзе дазволена да ўжываньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША плянуюць пачаць вакцынацыю ад каранавірусу ў сьнежні, Гішпанія ў студзені

18 лістапада карпарацыя Pfizer заявіла аб завяршэньні клінічных выпрабаваньняў вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, якую яна распрацавала сумесна з нямецкай BioNTech. Паказьнік эфэктыўнасьці вакцыны аказаўся яшчэ больш высокім, чым ацэньвалася раней — не 90 адсоткаў, але 95. Пры гэтым у гэтай вакцыны ёсьць сур’ёзны недахоп — яна патрабуе захоўваньня і транспартаваньня пры тэмпэратуры мінус 70 градусаў.

Таксама ў лістападзе амэрыканская кампанія Moderna паведаміла, што яе вакцына ад новага каранавірусу паказала эфэктыўнасць у 94,5 працэнта на трэцяй стадыі выпрабаваньняў. Расійскі інстытут імя Гамалііл, у сваю чаргу, паведаміў, што яго распрацоўка «Sputnik V» дэманструе 92-працэнтную эфэктыўнасьць. Пры гэтым расейская вакцына ўжо зарэгістраваная, хоць трэцяя фаза яе клінічных выпрабаваньняў яшчэ не завершаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Pfizer завяршыла выпрабаваньні вакцыны ад COVID, эфэктыўнасьць 95%

Moderna папярэдне ацэньвае кошт адной дозы сваёй вакцыны ад 25 да 37 даляраў, Pfizer — прыкладна ў 18 даляраў. Распрацоўнікі Sputnik V заявілі, што іхная вакцына будзе нашмат таньнейшай. AstraZeneca таксама паведамляе, што яе вакцына будзе таньней, чым у асноўных канкурэнтаў, але не называе дакладны кошт.