Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Бурэль: Лукашэнка больш не атрымае ад нас ніводнага эўра

Жузэп Бурэль

Міністры замежных спраў 27 краін Эўразьвязу сёньня дамовіліся падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць уладаў і арганізацый Беларусі, каб «падтрымаць дэмакратычныя правы народу краіны», цытуе Жузэпа Бурэля ТАСС.

«Сёньня мы дамовіліся пачаць падрыхтоўку новага пакету санкцый у адказ на гвалт уладаў і з мэтай падтрымкі беларускага народу. Гэтыя санкцыі будуць уведзеныя ня толькі супраць фізычных асобаў, але і супраць [дзяржаўных] структур, кампаній і прадпрымальнікаў», — сказаў Бурэль.

Бурэль падкрэсьліў, што зробіць усё магчымае, каб новыя абмежавальныя меры былі ўведзеныя як мага хутчэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць беларускіх уладаў

«Краіны ЭЗ цяпер павінны ўнесьці прапановы аб новых пазыцыях санкцыйнага сьпісу, з абгрунтаваньнем сваіх прапаноў. Мы папрасілі іх ўнесьці столькі прапаноў, колькі яны змогуць, і я прыкладу ўсе намаганьні, каб мы змаглі як мага раней ўвесьці гэтыя захады ў дзеяньне», — адзначыў ён.

Акрамя таго, Бурэль падкрэсьліў, што Эўразьвяз больш ня выдзеліць ніводнага эўра ўраду Аляксандра Лукашэнкі, усе сродкі для гэтай краіны пойдуць няўрадавым арганізацыям (НУА) «для падтрымкі грамадзянскай супольнасці».

«Мы больш не перавядзем ніводнага эўра рэжыму Лукашэнкі. Усе грошы пойдуць на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі праз розныя няўрадавыя арганізацыі, — адзначыў Бурэль. — Я не магу пакуль называць дакладныя каналы, як будуць пераведзеныя грошы, але дакладна магу сказаць, што Лукашэнку ня пойдзе ніводнага эўра».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА

Акрамя таго, кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу паведаміў, што падрыхтаваў даклад у справе дачыненьняў зь Беларусьсю.

«Рада папрасіла мяне прадставіць шырокі падыход па нашых адносінаў зь Беларусьсю. Я зрабіў гэта разам са службамі Эўракамісіі. Гэтая справаздача была фіналізаваная і прадстаўленая краінам-сябрам, якія вывучаць яе і прымуць рашэньне па ёй», — растлумачыў Жузэп Бурэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія заклікала ўвесьці санкцыі супраць прадпрыемстваў Эўразьвязу, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі