Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць беларускіх уладаў


На нефармальнай відэаканфэрэнцыі міністраў замежных справаў краін Эўразьвязу, якая адбываецца ў чацьвер, дасягнутая дамоўленасьць аб распрацоўцы чарговага пакету абмежавальных захадаў у дачыненьні да Беларусі, паведаміў карэспандэнт «Радыё Свабодная Эўропа» / Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

«Міністры замежных справаў ЭЗ толькі што дамовіліся аб працягу працы над трэцім пакетам санкцый у дачыненьні да Беларусі. Ён, магчыма, будзе падрыхтаваны да канца лістапада — пачатку сьнежня і будзе ўключаць у сябе як фізычных асоб, так і арганізацыі», — паведаміў Юзьвяк.

Як паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» дыпляматычная крыніца ў інстытутах ЭЗ, на нефармальнай відэаканфэрэнцыі 19 лістапада ня можа быць прынятае афіцыйнае рашэньне аб уводзе новых санкцый. Разам з тым міністры могуць узгадніць адзіную палітычную пазыцыю што да пашырэньня санкцыйнага рэжыму ў дачыненьні да Беларусі з улікам наступнай фармальнай працэдуры.

  • 2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
  • 6 лістапада сьпіс быў пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, а таксама кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню КДБ, старшыню Сьледчага камітэту, прэс-сакратарку Лукашэнкі, старшыню Канстытуцыйнага суду і іншых асобаў з найвышэйшага кіраўніцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG