Ксёндз Вячаслаў Барок зьвярнуўся да папы Францішка: «Папа, у ролі каго ты сябе бачыш, гаворачы пра Беларусь?»

Ксёндз Вячаслаў Барок.

Вядомы сваёй актыўнай грамадзянскай і пастырскай пазыцыяй пробашч рымска-каталіцкай парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Расонах Віцебскай вобласьці ксёндз Вячаслаў Барок у сваім Ютуб-канале зьвярнуўся да папы Францішка.

«Так сталася, што ў нас улада краіны распачала вайну са сваім народам... Крах спакою адбыўся тады, калі сфальсыфікавалі выбары, высьмеялі праду ды растапталі справядлівасьць, бо на ўзроўні дзяржаўнага правасудзьдзя пачалі судзіць і караць не злачынцаў, але пацярпелых. У турмы садзяць ня тых, хто б’е, але тых, каго б’юць... Ты, папа Францішак, як ніхто іншы ведаеш, як усё перакручваецца з ног на галаву, калі ўладу ў краіне захоплівае вайсковая хунта. Досьвед тваёй радзімы, Аргентыны, з бруднай вайной 1976–1983 гадоў і яе ахвярамі, калі за сем гадоў пацярпела каля 100 тысяч чалавек, напэўна, добра табе дазваляе зразумець нашую сытуацыю...» — гаворыцца, сярод іншага, у звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Касабуцкі: Паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэньне страху перад народам

Напрыканцы відэа ксёндз Вячаслаў Барок пытаецца ў папы Францішка:

«У энцыкліцы „Ўсе браты“ ты казаў, што ў прыпавесьці пра самараніна трэба знайсьці сваю ролю. Я знайшоў. Я, ня маючы іншых магчымасьцяў, лёг побач з пабітым і пакрыўджаным чалавекам — такой я сёньня бачу Беларусь і яе народ, які абудзіўся. Папа, скажы, а ў ролі каго ты сябе бачыш, гаворачы пра Беларусь? Ужываючы тэрміны прыпавесьці, я разумею, што бандыты надалей застаюцца на дарозе, дзе зьбіваюць чалавека. Пакуль, з прычыны гэтага, няма магчымасьці, каб ты наведаў нашу краіну, але, тым ня менш, як ты сябе бачыш, якая твая роля, папа Францішак? Напэўна, твой адказ дапаможа Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Кветкі з мэмарыялаў акуратна перавезьлі на могілкі». Як было насамрэч ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маліцеся за спыненьне жорсткасьці, гвалту і кровапраліцьця». Лідэры пратэстанцкіх цэркваў выступілі са зваротам