«Асудзілі ні за што». Як 20 рабочых МНПЗ паспрабавалі пачаць страйк

Страйк рабочых Мазырскага НПЗ 30 кастрычніка

Супрацоўнікі заводу расказалі Свабодзе, што цяпер адбываецца на прадпрыемстве, дзе людзі выходзілі з плякатамі супраць гвалту.

Работнікі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу перад працоўнай зьменай сабраліся на прахадной, каб прадэманстраваць сваю салідарнасьць з калегамі, якіх раней затрымалі і судзілі за падтрымку страйку на «Гродна Азоце» ды іншых прадпрыемствах. Пра гэта Свабодзе паведаміў удзельнік сустрэчы, які прасіў не называць яго сапраўднага імя.

«2 лістапада на заклік у заводзкім чаце нас адгукнулася чалавек 20. Проста пастаялі перад прахадной 25 хвілін, не заходзячы на прадпрыемства, пагаварылі. Прыехалі міліцыянты з РАУС, з ДАІ, аднаго рабочага адвялі ў машыну, запісалі зьвесткі і адпусьцілі. І толькі тады людзі пайшлі працаваць», — паведаміў супрацоўнік МНПЗ.

«Што там была нейкая акцыя, дык я і ня ведаю. Яны сябе ніяк не абазначалі. А што міліцыя прыяжджае да прахадной, дык былі і сёньня раніцай. Палохаюць ці што, невядома», — камэнтуе падзеі на прахадной МНПЗ старшыня заводзкай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу Юры Швец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 1000 супрацоўнікаў мазырскага НПЗ заклікалі да адстаўкі Лукашэнкі і Ярмошынай

Акцыі пратэсту на МНПЗ

29 кастрычніка рабочы заводу Вячаслаў Астанін выйшаў да прахадной з плякатам «Ці ня сорамна перад Азотам?» і прастаяў зь ім усяго некалькі хвілін. Рабочага затрымалі ахоўнікі і перадалі міліцыянтам з Мазырскага РАУС, а там на Астаніна склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет. Рабочы працуе далей, але чакае выкліку ў суд.

На наступны дзень, 30 кастрычніка, яшчэ пяць работнікаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу далучыліся да пратэсту. Непадалёк ад прахадной яны сталі з плякатамі супраць гвалту і беззаконьня з боку АМАПу і, прастаяўшы гэтак 20 хвілін, разышліся па працоўных месцах. Двух зь пікетоўцаў, тэхніка Тацяну Казловіч і эканаміста Мікалая Жлобу, затрымалі ўжо ў канцы дня, а 2 лістапада судзілі. Мікалая Жлобу асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, Тацяну Казловіч аштрафавалі на 810 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе падтрымліваюць страйкоўцаў, але самі баяцца». Што адбываецца на прадпрыемствах, дзе былі забастоўкі

«Нам пра суды амаль нічога ня кажуць»

Учора, 2 лістапада, Юры Швец быў на судзе над Мікалаем Жлобам.

«Чалавек з цалкам станоўчай характарыстыкай, вельмі інтэлігентны, разумны. Асудзілі ні за што. Далі 10 сутак за плякат супраць гвалту, а назвалі гэта заклікам да страйку, хоць закліку не было. Але калі ў краіне беззаконьне, як можна не пратэставаць?» — абураецца Юры Швец, расказваючы пра суд.

Са словаў Юрыя, на суд у якасьці сьведак былі выкліканыя іншыя тры ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць гвалту — інжынэр Дзьмітры Каменскі, намесьнік начальніка ўстаноўкі Канстанцін Янкін і начальнік аддзелу дыспэтчарскай службы Рэнат Надршын.

«Але да суду яны не дабраліся — усіх затрымалі. Цяпер сядзяць у ізалятары, чакаюць суду, а калі будуць іх працэсы, ня кажуць. Увогуле людзям пра затрыманьні даюць вельмі мала інфармацыі, па сутнасьці, амаль нічога», — мяркуе Юры Швец.

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе працуе больш за 5 тысяч чалавек, зь іх звыш 600 — сябры мясцовай філіи Беларускага незалежнага прафсаюзу. У незалежным прафсаюзе і асуджаны на арышт эканаміст Мікалай Жлоба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БелАЗе рабочыя адмовіліся прыступіць да працы з прычыны звальненьня калегаў 

Якую дапамогу яму зможа аказаць прафсаюз?

«Наша галоўная задача — каб ня звольнілі чалавека, каб ён захаваў працу, змог далей забясьпечваць сям’ю. Але зь Мікалаем ужо адбылася рэч, якую я пакуль не магу патлумачыць. Яго затрымалі 30 кастрычніка, праседзеў у міліцыі выходныя, а ў панядзелак, 2 лістапада, ужо звольнілі нібыта з прычыны ўласнай заявы па згодзе бакоў. Так кажуць у адміністрацыі.

Ня ведаю, што там у міліцыі зь ім адбылося, што напісаў заяву на звальненьне, хоць нікуды сыходзіць раней не зьбіраўся. Малады яшчэ, мае дзіця. Як выйдзе з «сутак», будзем думаць, як яму дапамагчы. Яшчэ адзін з затрыманых, Канстанцін Янкін, таксама сябра нашага прафсаюзу. Усім, чым можам, будзем дапамагаць. Але трэба, каб людзі самі не падпісвалі сабе, як той казаў, «сьмяротныя прысуды», — сказаў Юры Швец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звальненьні, арышт, стажоры. Што адбываецца ў трэці дзень страйку на «Гродна Азоце»

Якія настроі цяпер сярод рабочых Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу?

Супрацоўнік, які браў удзел у флэшмобе каля прахадной, цалкам вызначыць іх ня ўзяўся.

«У жніўні як праходзілі сходы на заводзе, дык быў лес рук тых, хто галасаваў за Ціханоўскую. І цяпер людзі засталіся пры сваёй думцы, што яна перамагла Лукашэнку, але ў асноўнай масе абараняць свой выбар праз страйк людзі не гатовыя. Або вагаюцца. Мэнталітэт такі — паляшуцкі. Асьцярожнічаюць, трымаюцца за працу», — мяркуе працаўнік. Паводле яго, пры сярэднім заробку на МНПЗ у 2 тысячы рублёў ён зарабляе толькі тысячу, але і гэта для Мазыра — добрыя грошы, таму страціць працу ён не хацеў бы.

Думку суразмоўцы дапаўняе назіраньнямі за шмат гадоў працы лідэр заводзкага незалежнага прафсаюзу Юры Швец.

«Ды гэта не мэнталітэт у іх, а хітрасьць. І большасьць беларусаў, на жаль, такія. Хочуць зьменаў, але каб іх зрабілі іншыя. Ня думаюць пра тое, што мы пакінем дзецям, якую краіну. Таму пакуль у нас і правяць баль людзі ў пагонах ды са зброяй», — лічыць Юры Швец.