Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 1000 супрацоўнікаў мазырскага НПЗ заклікалі да адстаўкі Лукашэнкі і Ярмошынай


Рабочы на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры, архіўнае фота

Нязгодныя з вынікамі выбараў і абураныя жорсткасьцю сілавікоў работнікі ААТ «Мазырскі НПЗ» напісалі калектыўны ліст кіраўніцтву заводу. Яны патрабуюць іх пачуць і адкрыта абмеркаваць падзеі апошніх тыдняў у краіне. Пад лістом падпісалася амаль 1186 чалавек, паведамляе Tut.by.

Работнікі выступаюць за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай, за правядзеньне новых выбараў, асуджаюць гвалт з боку сілавікоў у дачыненьні да мірных грамадзянам і патрабуюць сумленнага расьсьледаваньня ўсіх выпадкаў гвалту з прыцягненьнем да адказнасьці ўсіх вінаватых.

Таксама рабочыя патрабуюць падачы дэпутацкіх запытаў па фактах затрыманьня працаўнікоў завода сілавымі структурамі і растлумачыць абгрунтаванасьць затрыманьня актывіста суполкі «Страна для жизни», работніка ААТ «Мазырскі НПЗ» Руслана Парфёнава.

Падпісанты работнікі акцэнтуюць увагу на тым, што ня могуць далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі, бо ня хочуць рызыкаваць эканамічнай стабільнасьцю прадпрыемства.

Зварот быў складзены такім чынам, каб улічыць думку работнікаў па кожным пытаньні асобна — пад кожным з пунктаў можна паставіць адказы «за» і «супраць».

Падпісанты настойваюць на правядзеньні сустрэчы з максымальна магчымай колькасьцю работнікаў прадпрыемства для тлумачэньня пытаньняў, адлюстраваных у адкрытым звароце. Вынікі сустрэчы патрабуюць апублікаваць у адкрытым доступе.

Ад генэральнага дырэктара ААТ «Мазырскі НПЗ» людзі патрабуюць забясьпечыць свабоднае выказваньне сваіх пазыцый, як грамадзянскіх, так і працоўных у калектывах, спыніць ціск кіраўніцтва на работнікаў пры прыняцьці рашэньня аб выхадзе або ўступленьні ў прафсаюзы.

Адкрыты ліст работнікі перадалі ў прыёмную генэральнага дырэктара Віталя Паўлава на мінулым тыдні. Адказу пакуль не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG