Лукашэнка пра Кандрусевіча: Езьдзіць у Польшчу па інструкцыі зьнішчэньня Беларусі — недазволена

Аляксандар Лукашэнка і Тадэвуш Кандрусевіч, 2013 год

Падчас сустрэчы зь мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Веніямінам, Аляксандар Лукашэнка закрануў сытуацыю з каталіцкім мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, якога беларускія памежнікі не пускаюць у Беларусь.

«Я як кіраўнік дзяржавы па Канстытуцыі абавязаны абараняць гэтую дзяржаву, гэта найпершы мой абавязак. Я буду вымушаны рэагаваць. Прыкладам таму зьяўляецца настаяцель каталіцкай царквы. Езьдзіць у Польшчу і атрымліваць кансультацыі, як разбураць нашу краіну, нікому не будзе дазволена».

14 верасьня Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча быў прызнаны несапраўдным, таму яму і было адмоўлена ва ўезьдзе ў краіну 31 жніўня. Мітрапаліт Кандрусевіч зьяўляецца грамадзянінам Беларусі і ня мае іншых грамадзянстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мітрапаліт мог зрабіць выгляд, што нічога ня бачыць. Але як тады жыць?» — біскуп Касабуцкі. ВІДЭА

Мітрапаліт Кандрусевіч нарадзіўся ў Беларусі. На пэўны час ён выходзіў з грамадзянства Беларусі, калі кіраваў каталіцкім касьцёлам у Расеі. У 2007 годзе мітрапаліт вярнуўся на радзіму, калі папа Рымскі прызначыў яго кіраваць касьцёлам у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч абмеркаваў у Ватыкане пляны вяртаньня ў Беларусь