Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч абмеркаваў у Ватыкане пляны вяртаньня ў Беларусь


Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

19 кастрычніка ў Ватыкане мітрапаліт Менска-Магілёўскі​, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся зь дзяржсакратаром Сьвятога Пасаду кардыналам П’етра Паралінам і сакратаром па сувязях Сьвятога Пасаду зь дзяржавамі — архібіскупам Полам Рычардам Галахерам.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, архібіскуп Кандрусевіч знаходзіцца ў Ватыкане на запрашэньне Дзяржаўнага сакратарыяту. На сустрэчы абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і пляны па яго вяртаньні на Радзіму для служэньня сярод сваёй паствы.

«Заклапочаны забаронай герарху вярнуцца ў Беларусь, Сьвяты Пасад прыкладае максымум намаганьняў з мэтай як найхутчэйшага выпраўленьня існуючай сытуацыі і спадзяецца, што праблема будзе вырашана», — гаворыцца ў паведамленьні Ватыканскага радыё.

14 верасьня Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча быў прызнаны несапраўдным, таму яму і было адмоўлена ва ўезьдзе ў краіну 31 жніўня.

Мітрапаліт Кандрусевіч нарадзіўся ў Беларусі. На пэўны час ён выходзіў з грамадзянства Беларусі, калі кіраваў каталіцкім касьцёлам у Расеі. У 2007 годзе мітрапаліт вярнуўся на радзіму, калі папа Рымскі прызначыў яго кіраваць касьцёлам у Беларусі. Спачатку ён атрымаў від на жыхарства, а пазьней вярнуў грамадзянства Беларусі і іншага грамадзянства ня мае, заявіў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай каталіцкай царквы айцец Юры Санько.

Беларускі закон патрабуе, каб кіраўнікі цэркваў мелі беларускае грамадзянства, і мітрапаліт Кандрусевіч гэтае палажэньне закону выканаў.

Юры Санько паведаміў Свабодзе, што ў 2007 годзе не было было ніякіх праблем зь пераездам Кандрусевіча на радзіму і зь вяртаньнем беларускага пашпарта, і ніякіх пытаньняў ад МУС Беларусі тады не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG