Звальненьні, арышт, стажоры. Што адбываецца ў трэці дзень страйку на «Гродна Азоце»

Прадпрыемства «Гродна Азот»

Зьявіўся загад аб звальненьні 12 чалавек на «Азоце». Аднаму работніку далі 30 сутак арышту. Зьмены ў некаторых цэхах пераймаць няма каму — на дапамогу прыходзіць начальства, стажоры і тыя, хто не страйкуе.

Звальненьні

У сеціва трапіў загад за подпісам генэральнага дырэктара Ігара Бабыра аб звальненьні 12 азотаўцаў. Гэта рамонтнікі, апаратчыкі, апэратары. Прычына — адсутнасьць на працоўным месцы без сур’ёзных прычынаў. У некага гэта дні арышту за пратэсты, у іншых — 26 і 27 кастрычніка, калі пачаўся страйк.

Загад аб звальненьні

Азотаўцы, якія не былі на працы, бо сядзелі ў ізалятары, прадстаўлялі аб гэтым даведкі, кіраўніцтва мусіла ведаць прычыну «прагулу». Страйкам «Азоту» абяцае выплаціць кожнаму звольненаму з палітычных прычын па 1,5 тысячы эўра дзякуючы міжнародным фондам дапамогі.

Страйк працягваецца

Страйк на прадпрыемстве працягваецца, хоць кіраўніцтва гэта адмаўляе. Адкрыта пра сваё далучэньне да страйку заявілі 16 чалавек. За дзень колькасьць заяваў вырасла ўдвая. Усяго не прыступае да працы больш як сотня работнікаў.

Трэція суткі зьмены ў «Аміяку-3» і «Карбамідзе-4» пераймаюць ня тыя, хто меўся па пляне. На замену прыходзяць тыя, хто не страйкуе, зь іншых зьменаў або падразьдзяленьняў, начальства. Вядома, што «Аміяк-3» абвясьціў пра пошук кадраў. Выйсьці на працу прапануюць пэнсіянэрам, былым работнікам «Азоту». У цэх набралі стажораў, аднак мала хто са сталых работнікаў хоча іх вучыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на «Гродна Азоце» ў другі дзень страйку

Арышт «азотаўца»

Работніка «Аміяку-3» Аляксандра Жука асудзілі на 30 сутак арышту за ўдзел у двух недазволеных масавых мерапрыемствах (па 15 за кожнае). Жук зьнік раніцай 27 кастрычніка, потым яго знайшлі ў КДБ. Да суду ён заставаўся ў ізалятары.

Што кажуць улады

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на прадпрыемстве «Гродна Азот» раніцай 26 кастрычніка адбылася спроба дэстабілізаваць абстаноўку. Каля прахадной заводу сабралася больш за 100 чалавек, большасьць зь якіх не працуюць на «Азоце». Паводле афіцыйнага паведамленьня, правакацыйныя дзеяньні лякалізавалі, забастоўкі на прадпрыемстве няма.

Прадстаўнік канцэрну «Белнафтахім» заявіў 27 кастрычніка, што ААТ «Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме, усе тэхналягічныя працэсы ў норме. Інфармацыю ў тэлеграм-каналах, што печы на прадпрыемстве прыпынены, у канцэрне назвалі правакацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рабочаму «Гродна Азот» прысудзілі 30 дзён арышту за мітынгі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адпрацаваў 13 гадоў, выказаў думку — і выкінулі за плот». Чаму звальняюць страйкоўцаў на МЗКЦ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: І без забастовак прадпрыемствы зарабілі ў 3,5 раза менш, чым летась
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на прадпрыемствах краіны на другі дзень страйку