Супрацоўнікаў МТС за акцыю салідарнасьці пакаралі арыштамі да 15 сутак

Акцыя салідарнасьці супрацоўнікаў МТС у Гомлі

26 кастрычніка ў Гомлі пяць супрацоўнікаў МТС выйшлі да свайго офіса зь бел-чырвона-белымі аркушамі. Іх затрымала міліцыя. Ноч яны правялі ў ІЧУ.

Дзьвюх супрацоўніц кампаніі ранкам 27 кастрычніка адпусьцілі з ізалятара з пратаколамі. Трох супрацоўнікаў судзілі.

Юры Сынкоў атрымаў 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (судзьдзя Віктар Казачок).

Вадзіма Дынковіча, вядучага спэцыяліста кампаніі, судзіў Сяргей Кармановіч. Паводле пратаколу, 26 кастрычніка Дынковіч удзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце.

«У нас у Менску ранкам 26 кастрычніка выйшлі калегі да цэнтральнага офіса. З той мэтай, зь якой усе выходзяць. Я выйшаў падтрымаць калег зь Менску. Стаяў там восем хвілінаў. Стаяць на вуліцы і трымаць аркушы — гэта хіба пікет?» — казаў на судзе Вадзім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: У Беларусі падчас першага дня страйку затрымалі больш за 580 чалавек

Судзьдзя прапанаваў яму напісаць пісьмовую заяву, што ён прызнае віну. Ён пагадзіўся і зазначыў, што лепш было б атрымаць штраф, чым суткі.

Судзьдзя пакараў яго арыштам на 15 сутак.

Справу Аляксандра Ўласава (начальнік тэхнічнага аддзелу) разглядала судзьдзя Алеся Осіпава. Яго таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў пікеце.

«Не было такога, як у пратаколе — што загадзя дамовіліся, у загадзя заплянаваным месцы. Мы спантанна выйшлі і стаялі на ганку. Аркуш А4 з чырвонай паласой не зьяўляецца забароненым», — патлумачыў Аляксандар.

Ён дадаў, што больш карысным будзе для ўсіх, калі ён атрымае штраф. Атрымаў 15 сутак.