Каранавірус у сьвеце. САЗ: «Пандэмія будзе да лета», новыя рэкорды ў ЗША, Францыі

Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць людзей у сьвеце, у якіх дыягнаставаны каранавірус, перавысіла 42 мільёны, што вынікае са зьвестак унівэрсытэту Джонза Гопкінза.

На першых месцах паводле колькасьці захворваньняў ЗША, Індыя, Бразылія, Расея. На пятае месца, якое доўгі час займала Гішпанія, выйшла Францыя, паведамляе ВВС.

«Наступныя некалькі месяцаў будуць вельмі цяжкімі, і пэўныя краіны знаходзяцца на небясьпечным шляху», — сказаў генэральны дырэктар САЗ Тэдрас Гебрэесус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «10 дзён лячылася дома, на КТ — 65% паражэньня лёгкіх» — як хварэюць на каранавірус у другую хвалю


ЗША: другая хваля

Колькасьць новых захворваньняў каранавірусам за дзень ў ЗША дасягнула рэкорду, нягледзячы на спробы ўладаў стрымаць другую хвалю. У пятніцу ў краіне зарэгістравана 83 010 новых выпадкаў, паведаміў праект COVID Tracking.

Галоўны хірург ЗША Джэром Адамс заявіў, што шпіталізацыяў больш, але сьмяротнасьць пры гэтым падае дзякуючы больш якаснаму дагляду за пацыентамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у сьвеце: карантын у Чэхіі і Ірляндыі, камэнданцкая гадзіна ў Францыі, Эўропу чакаюць «лічбавыя» Каляды

Сярэдні Захад ЗША захоўвае статус самага пацярпелага рэгіёну, колькасьць выпадкаў COVID-19 расьце ў Паўночнай Дакоце, Мантане і Вісконсіне.

У Агаё — ключавым штаце прэзыдэнцкай кампаніі — трэці дзень запар рэгіструюць рэкордную колькасьць выпадкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 811 новых выпадкаў. Статыстыка каранавірусу ў Беларусі набліжаецца да паказьнікаў першай хвалі  


Прэзыдэнт Польшчы заразіўся каранавірусам

Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда заразіўся каранавірусам, але, з словах яго памочніка, пачуваецца нармальна. 48-гадовы Дуда здаў тэст у пятніцу, калі былі зарэгістраваныя рэкордныя для краіны 13600 новых выпадкаў захворваньня.

Дуда — ня першы лідэр, які заразіўся COVID-19: раней на каранавірус перахварэлі таксама прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэм’ер-міністар Брытаніі Борыс Джонсан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У прэзыдэнта Польшчы выявілі каранавірус

Польшча ўвяла агульнанацыянальны карантын, які ўключае частковае закрыцьцё пачатковых школаў і рэстаранаў.

Францыя: каранавірус застанецца да лета, а другая хваля можа быць горшая за першую

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падчас візыту ў лякарню заявіў, спасылаючыся на навукоўцаў, што вірус нікуды ня сыдзе ў лепшым выпадку да наступнага лета.

Ён дадаў, што пакуль рана казаць, ці давядзецца Францыі ўводзіць поўны або частковы локдаўн. На гэтым тыдні камэнданцкая гадзіна была ўведзеная ў 38 рэгіёнах краіны і закранула каля 46 мільёнаў чалавек.

Кіраўнік групы парыскіх лякарняў папярэдзіў, што другая хваля можа быць горшая за першую.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць выпадкаў COVID-19 у сьвеце перавысіла 40 мільёнаў