МУС: Пратэсты ў Беларусі перарастаюць у «тэрарыстычныя пагрозы»

  • БелаПАН

Пратэстныя настроі ў Жодзіне

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу Міністэрства ўнутраных спраў. Там жа прыводзіцца відэакамэнтар начальніка ўпраўленьня крымінальнага вышуку УУС Менаблвыканкаму Аляксандра Копішава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шкода Менску ад несанкцыянаваных акцыяў склала каля Br900 тысячаў, — пракурор гораду

«Апошнім часам радыкальны пратэст пачынае пераходзіць у тэрарыстычныя акты. Так званыя мірныя актывісты пачалі падпальваць адміністрацыйныя будынкі і прыпаркаваныя побач зь імі аўтамашыны. 8 кастрычніка пры дапамозе самаробнага выбуховага прыстасаваньня быў зьдзейсьнены падпал адміністрацыйнага будынку пракуратуры ў Жодзіне», — адзначыў міліцэйскі чыноўнік.

Паводле Копішава, супрацоўнікі крымінальнага вышуку і Сьледчага камітэту выйшлі на 31-гадовага жодзінца, які затрыманы на падставе падазрэньня ў злачынстве і зьмешчаны ў ІЧУ Жодзінскага ГУУС. Сілавікі асабліва падкрэсьліваюць, што мужчына «неаднаразова быў заўважаны на мірных акцыях пратэсту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Салігорску ўначы гарэлі машыны каля пракуратуры

«Акрамя таго, быў учынены падпал адміністрацыйнага будынку Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз Салігорску, а таксама службовага і асабістага аўтатранспарту на паркоўцы пракуратуры. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку праводзяць сьледчыя дзеяньні дзеля пошуку вінаватых», — працягнуў прадстаўнік УУС Менаблвыканкаму.

Ён запэўніў «радыкальна настроеных грамадзян», што ніводнае злачынства не застанецца беспакараным. І спаслаўся на «справу гонару для кожнага супрацоўніка праваахоўных органаў».