Паэта асудзілі на 13 сутак за тое, што паказваў «вікторыю» 

Дзьмітры Строцаў

Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў 13 сутак адміністрацыйнага арышту паэту Дзьмітрыю Строцаву за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Судзіла паэта судзьдзя Вікторыя Шабуня.

«Судзілі па 23.34, — расказала яго жонка Ганна Строцава, якая была на судзе. — Нібыта ёсьць відэа зь нейкай камэры, на якім 4 кастрычніка побач зь Дзьмітрыем ідзе калёна людзей са сьцягамі. А ён паказвае „вікторыю“. Гэта цяпер дастаткова, каб пасадзіць чалавека на 13 сутак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Эдуарда Пальчыса не дапусьцілі адваката — праз «эпідэміялягічную сытуацыю»

Дзьмітры, па словах Ганны, на судзе сказаў, што затрымалі яго каля іх дому.

«Патэлефанаваць сваякам не далі, — кажа Ганна. — Але недзе каля 19-й гадзіны яму сказалі, што мне паведамілі. Хоць гэта няпраўда, мы а 23-й вечара ўчора падавалі заяву аб зьнікненьні чалавека».

Па словах Ганны, муж выглядае нармальна, наколькі гэта было відаць праз экран у скайпе. Ні на што ня скардзіўся. Цяпер яна спрабуе пасьпець перадаць неабходныя яму лекі.

«У яго ня вельмі добрая кардыялягічная сытуацыя, — кажа яна. — Ён увесь час прымае падтрымліваючыя лекі. І ён алергік, у яго бранхіяльна-лёгачнага пляну алергія, лекі яму неабходныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ двух музыкаў асудзілі за дваровы канцэрт у Менску. Па 15 сутак кожнаму 

Літаратар зьнік раніцай 21 кастрычніка. Пазьней сваякі знайшлі яго прозьвішча ў сьпісах затрыманых Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна.

Дзьмітры Строцаў удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і адкрыта пісаў пра гэта. Пра сытуацыю ў краіне ён казаў і ў сваіх вершах. Яны перакладаліся на розныя мовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітры Строцаў: «Як паэт я аказаўся гатовы»