Супраць жыхаркі Жодзіна, якую ўдарыў міліцыянт, пачалі адміністрацыйны працэс 

Пратэст у Жодзіне. 26 жніўня 2020 году.

13 верасьня міліцыянт ударыў па твары жыхарку Жодзіна Наілю Гусакову, якая здымала на відэа яго і іншых супрацоўнікаў. Ад удару жанчына павалілася на зямлю.

У міліцыі тлумачылі, што супрацоўнік ужыў сілу «для самаабароны». Сьледчы камітэт на тры месяцы падоўжыў праверку, але тым часам на жанчыну ўжо склалі пратакол і будуць судзіць яе за ўдзел у акцыі, піша Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС праводзіць праверку факту таго, як жодзінскі міліцыянт ударыў жанчыну

Інцыдэнт адбыўся на паркоўцы ля гандлёвага цэнтру «Элегант». Наіля Гусакова стала сьведкай таго, як супрацоўнікі міліцыі спынілі машыну, якая пасыгналіла на знак салідарнасьці зь мінакамі.

Каля машыны сабраліся міліцыянты, супрацоўнікі ДАІ і кіроўца ў ярка-блакітнай куртцы. Людзі абураліся, патрабавалі адпусьціць. Наіля выскачыла наперад, каб зьняць тое, што адбываецца.

Далейшае, прызнаецца яна, стала поўнай нечаканасьцю: міліцыянт у кепцы і чорнай масцы, нацягнутай амаль да вачэй, раптам ударыў яе — ды так, што яна ўпала на зямлю. Ніхто так і не патлумачыў паводзіны афіцэра, не прынёс ёй прабачэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыянты сталі як глядыятары», — Алкаеў пра хлопцаў «ад сахі» ў форме і прычыны трываласьці сыстэмы

У той жа дзень разам з адвакатам яна прыйшла ў Сьледчы камітэт, каб пакінуць заяву па факце ўжываньня сілы супрацоўнікам міліцыі. Нядаўна праверку падоўжылі на тры месяцы.

У той жа час Наіля атрымала паведамленьне, што ў дачыненьні да яе распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Што да інцыдэнту, у міліцыі рукапрыкладзтва свайго супрацоўніка сьпісалі на «самаабарону».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчуваньне, што яны баяцца больш, чым мы». Філёзаф Вольга Шпарага пра сваё затрыманьне

«Экіпаж ДАІ праводзіў разбор па факце парушэньня ПДР. Нечакана з натоўпу выйшла жанчына і накіравалася да супрацоўніка міліцыі. Наблізіўшыся, яна рэзка накіравала камэру тэлефона яму ў твар. Той выказаў здагадку, што сьледам будзе ўдар. Імгненнай рэакцыяй было прымяненьне фізычнай сілы для самаабароны», — патлумачылі ў МУС.

У ведамстве адхілілі просьбу пагаварыць пра інцыдэнт з жодзінскім маёрам міліцыі, які ўдарыў жанчыну. Там лічаць, што камэнтар і без таго «вычарпальны».