Праваслаўнага сьвятара айца Аляксандра Богдана з Ваўкавыску асудзілі за ўдзел у мітынгу. Справу разгледзеў суд Ваўкавыскага раёну 16 кастрычніка.
Айца Аляксандра Богдана прызналі вінаватым ва ўдзеле ў мітынгу ў Ваўкавыску 16 жніўня (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). З словаў ваўкавычанаў, у тыя дні мясцовыя ўлады негалосна дазвалялі мірныя вулічныя акцыі, мо таму людзей не затрымлівалі ў тыя дні. Айцу А. Богдану далі папярэджаньне.
Айцец Аляксандар не прызнаў, што ён парушыў закон.
«Паводле нашага заканадаўства, міліцыянты павінны даводзіць маю віну, а я не павінен даводзіць, што я невінаваты», — кажа айцец Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ваўкавыску асудзілі сьвятара, які ўсклаў кветкі, каб ушанаваць загінулага дырэктара музэюЁн кажа, што ня можа як сьвятар удзельнічаць у палітычных захадах, аднак можа выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю супраць гвалту.
«Ня толькі магу, але і маю абавязак», — удакладняе сьвятар.
Яму 34 гады, жанаты, мае траіх дзяцей ад 2 да 10 гадоў. Сьвятаром стаў 11 гадоў таму. Крыху служыў у Горадні, але большасьць часу ў Ваўкавыску.
У верасьні над айцом Аляксандрам Богданам прайшоў суд за тое, што ён усклаў кветкі да музэю імя Баграціёна і пасьля прайшоў у шэсьці па горадзе. Суд тады таксама даў айцу Аляксандру папярэджаньне. Дырэктара музэю Канстанціна Шышмакова, памяць якога ўшаноўвалі ўдзельнікі шэсьця, знайшлі павешаным у лесе праз тыдзень пасьля выбараў. Вядома, што ён адмовіўся падпісаць выніковы выбарчы пратакол 9 жніўня.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.