Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску асудзілі сьвятара, які ўсклаў кветкі, каб ушанаваць загінулага дырэктара музэю


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя ўшанаваньня памяці загінулага дырэктара ваўкавыскага музэя Канстанціна Шышмакова. Горадня, 20 жніўня 2020 году

Праваслаўнаму сьвятару Аляксандру Богдану суд Ваўкавыскага раёну 30 верасьня даў папярэджаньне за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.

Бацюшка ўшанаваў памяць загінулага Канстанціна Шышмакова.

Як паведаміў БелаПАН дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч, айца Аляксандра Богдана вінавацілі ў тым, што ён выгукваў лёзунгі. Бацюшка прынёс кветкі да музэю імя Баграціёна, дзе працаваў дырэктарам Канстанцін Шышмакоў. Урэшце суд даў яму папярэджаньне.

29-гадовы Канстанцін Шышмакоў зьнік увечары 15 жніўня. Пазваніў жонцы, сказаў, што ня будзе больш працаваць у музэі і што едзе дадому. Са словаў бацькі, Канстанцін адмовіўся падпісаць выніковы пратакол выбарчай камісіі 9 жніўня. Ягоны аўтамабіль знайшлі ў Мастоўскім раёне 18 жніўня, ягонае цела — у лесе побач. У Канстанціна засталася жонка і маленькая дачка.

Дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч ведае айца Аляксандра Богдана з часоў сэмінарыі, жыў зь ім у адным пакоі. Ён мяркуе, што той ніколі бы ня стаў рабіць таго, у чым яго вінавацілі.

«Гэты чалавек — сапраўдны хрысьціянін. Увесь Ваўкавыск ведае яго як місіянэра, які прапаведаваў толькі Эвангельле. Бамжам, вызваленым зьняволеным, алькаголікам. Не для разавай навіновай карцінкі, а цягам многіх гадоў. Без фінансавай падтрымкі. Цьвёрда, упарта, мэтадычна», — выказаўся дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG