«Пэўныя прыхаджане бачаць у гімне „Магутны Божа“ нэгатыўныя палітычныя канатацыі», — прадстаўнік БПЦ

Фэстываль «Магутны Божа» пад бел-чырвона-белым сьцягам, 1994 год

Прадстаўнік Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін пракамэнтаваў выказваньне мітрапаліта Веньяміна аб забароне выконваць духоўны гімн «Магутны Божа», бо гэта нібыта спрыяе «падзелу грамадзтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веньямін забараніў выконваць гімн «Магутны Божа», бо ён «падзяляе грамадзтва»

«Гэта была размова ў канкрэтным прыходзе аб бягучых справах — прыходзкіх і епархіяльных, — адзначыў ён. — Патрыяршы экзарх ня ставіў сваёй мэтай агучыць праграмную заяву на ўсю краіну, ідзецца не пра катэгарычную забарону выконваць „Магутны Божа“. Заўвага ўладыкі тычылася выкананьня гэтага гімну ў богаслужбовым кантэксьце. Ён зьвярнуў увагу, што часам настаяцелі пры выбары рэпэртуару дадатковых сьпеваў ня ўлічваюць думкі ўсіх прыхаджанаў».

Сергій Лепін лічыць, што пэўныя прыхаджане бачаць у гімне «Магутны Божа» нэгатыўныя палітычныя канатацыі, бо яго словы напісаныя ў 1943 годзе Натальляй Арсеньневай — жонкай Францішка Кушаля, тады лідэра Беларускай краёвай абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веньямін: «Трэба пачаць жыць з новага аркуша. Новая Канстытуцыя, новыя выбары...»

«Не жадаючы ўступаць у працяглыя спрэчкі аб сутнасьці тэксту, музыкі і абставінаў узьнікненьня гэтага твору, кіраўнік БПЦ акцэнтаваў увагу, што ня варта выконваць „Магутны Божа“ падчас набажэнства ў прыходзе дзеля агульнага міру — паводле таго ж прынцыпу, як апостал Павал адмовіўся ўжываць мяса, каб не спакушаць свайго брата. Япіскапы адказныя ў межах сваіх япархіяў за добры парадак, а Патрыяршы экзарх — у межах усёй Беларускай Праваслаўнай царквы», — патлумачыў прадстаўнік БПЦ Сергій Лепін.

Ад пачатку 1990-х у Магілёве ладзіцца фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які атрымаў назву акурат у гонар аднайменнага верша Натальлі Арсеньневай. Апошнім часам імпрэзу праводзяць раз на два гады.