У Расеі зарэгістравалі другую вакцыну ад каранавірусу, на падыходзе трэцяя

Новасыбірскі дзяржаўны навуковы цэнтар вірусалёгіі і біятэхналёгіі «Вэктар» зарэгістраваў другую расейскую вакцыну ад каранавірусу, якая атрымала назву «ЭпиВакКорона», заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які абвясьціў таксама, што «на падыходзе яшчэ трэцяя вакцына — цэнтру імя Чумакова РАН».

Паводле віцэ-прэм’ера Тацьцяны Голікавай, пасьлярэгістрацыйныя клінічныя выпрабаваньні вакцыны «ЭпиВакКорона» будуць праведзеныя ў бліжэйшы час на 40 тысячах добраахвотнікаў. Сярод іх будуць 150 чалавек, старэйшых за 60 гадоў.

РИА Новости паведамляе, аднак, што вакцына «ЭпиВакКорона» зарэгістраваная паводле асаблівай працэдуры, і мэдыкі павінны апавяшчаць назіральныя органы пра кожны выпадак яе ўжываньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Беларусі выпрабаваў на сабе расейскую вакцыну ад COVID-19

Першай запатэнтаванай і зарэгістраванай вакцынай ад COVID-19 у Расеі стаў прэпарат «Спутник V». 24 жніўня Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся выпрабаваць расейскую вакцыну ад каранавірусу на беларусах. Грамадзяне Беларусі добраахвотна маюць прыняць удзел у трэцяй фазе выпрабаваньняў прэпарату. Трэцяга верасьня расейскай вакцынай прышчапіўся прэмʼер Беларусі Раман Галоўчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, калі беларусаў пачнуць прышчапляць ад каранавірусу расейскай вакцынай