Лінкявічус: Літва пакуль не атрымлівала ноту Беларусі аб скарачэньні колькасьці дыпляматаў

Лінас Лінкявічус

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў 4 кастрычніка, што краіна пакуль не атрымлівала афіцыйнай ноты ад Беларусі з патрабаваньнем скараціць колькасьць дыпляматаў у амбасадзе ў Менску, піша Delfi.

«Паколькі было прапанавана, мы так і пачулі. Калі яны зараз скажуць, што гэта не прапанова, а патрабаваньне, то давайце пачакаем, каб паглядзець, як гэта будзе выглядаць. Звычайна адпраўляецца нота, і ўсё выразна выкладаецца. (...) Мы пакуль нічога не атрымалі», — сказаў Лінкявічус.

Ён назваў патрабаваньні Менску «спробай разьдзяліць Эўразьвяз».

«Гэты апошні крок — атака на амбасады дзьвюх краінаў, з аднаго боку, яшчэ больш зьніжае магчымасьці дыпляматыі, з другога — гэта спробы падзяліць Эўразьвяз, але ясна, што гэта не атрымаецца. Я чуў запэўніваньні Жузэпа Бурэля, што такія крокі нас не падзеляць», — сказаў міністар 4 кастрычніка, піша BNS.

Паводле Лінкявічуса, Эўразьвяз працягне патрабаваць ад Менску свабодных выбараў, вызваленьня палітвязьняў і спыненьня гвалту супраць пратэстоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыпляматычная вайна» Менску з Варшавай і Вільняй працягваецца, зьявілася новая заява МЗС Беларусі

2 кастрычніка МЗС Беларусі рэкамэндаваў Польшчы і Літве скараціць колькасьць дыпляматаў у сваіх прадстаўніцтвах у Менску. Польшча і Літва заявілі ў адказ, што ня бачаць у гэтым неабходнасьці. Тады беларускі МЗС падкрэсьліў, што гэтая рэкамэндацыя абавязковая да выкананьня.

4 кастрычніка Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль назваў патрабаваньне беларускага боку «неабгрунтаваным і вартым жалю», бо яно «ідзе супраць лёгікі дыялёгу і будзе яшчэ глыбей ізаляваць улады ў Менску» і шкодзіць дыялёгу з Эўразьвязам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, як і Літва, адмаўляецца адклікаць свайго амбасадара з Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рашэньне Менску выслаць дыпляматаў Польшчы і Літвы шкодзіць дыялёгу з ЭЗ, — Бурэль