«Ігару сьвядома ствараюць нечалавечыя ўмовы». Зварот жонкі палітвязьня Лосіка

Ігар Лосік

Жонка палітвязьня Ігара Лосіка Дар’я Лосік расказала пра ўмовы ўтрыманьня яе мужа ў турме № 8 у Жодзіне. Дарʼя лічыць, што мужу сьвядома ствараюць нечалавечыя ўмовы.

Паводле Дарʼі, Ігара запалохваюць, прымушаюць даць непраўдзівыя паказаньні на іншых людзей. У Ігара няма ніякай сувязі з вонкавым сьветам, ані газэт, ані тэлевізара. У нядзелю да палітвязьня прывялі чалавека з пэдыкулёзам.

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутаты краінаў ЭЗ возьмуць шэфства над беларускімі палітвязьнямі, у тым ліку Ігарам Лосікам