Рыхтуюцца звальненьні дзясяткаў «неляяльных» дыпляматаў, — Павал Латушка 

Звольнены з пасады амбасадара ў Славаччыне Ігар Ляшчэня на леташняй цырымоніі адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі Янку Купалу ў Браціславе

30 дыпляматаў звольняць са структуры Міністэрства замежных спраў, сьцьвярджае ў сваім тэлеграм-канале колішні амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.

Раней ужо пазбавіліся сваіх пасадаў кіраўнікі беларускіх дыпляматычных місій у Гішпаніі, Латвіі, Славаччыне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадараў Латушку, Ляшчэню і Марковіча пазбавілі дыпляматычнага рангу

Паводле Паўла Латушкі, гатовыя паперы на звальненьне супрацоўнікаў цэнтральнага апарату МЗС, а таксама замежных установаў Беларусі пры Эўрапейскім зьвязе, Польшчы, Індыі, ААЭ ды шэрагу іншых краінаў.

«Прычына адна — выказваньні супрацоўнікаў у асабістых сацсетках пра нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў і актамі гвалту над мірнымі дэманстрантамі з боку амапаўцаў. Дзякуй вам, дарагія калегі, за вашу грамадзянскую пазыцыю!», — адзначыў Павал Латушка.

На яго перакананьне, пасьля фіяска замежнай палітыкі Беларусі фактычна наступіў развал дыпляматычнай службы краіны.

У МЗС Беларусі інфармацыю камэнтаваць адмовіліся.