Фэдэрацыя футболу пакарала «Крумкачоў» пасьля матчу, на які яны выйшлі ў майках з заклікамі супраць гвалту

«Крумкачы» пацярпелі за тое, што выступілі супраць гвалту.

Кантрольна-дысцыплінарны камітэт Беларускай фэдэрацыі футболу аштрафаваў клюб «Крумкачы» на 3375 рублёў за «невыкананьне патрабаваньняў» арганізацыі матчу 1/16 фіналу Кубку Беларусі супраць менскага «Дынама».

На разьмінку перад сустрэчай 1 верасьня гульцы выйшлі ў майках з надпісам «Мы супраць гвалту» і ўпэўнена перамаглі супернікаў зь лікам 2:0. Іх пакаралі за няправільную форму і затрымку матчу. Пункт 1 артыкула 82 Дысцыплінарнага кодэксу прадугледжвае, што затрымка часу пачатку матчу па віне каманды караецца штрафам у памеры ад 50 да 100 базавых велічынь.

Такім чынам футбалісты падтрымалі сваіх калегаў па камандзе Сяргея Казеку і Паўла Расольку, якіх затрымалі 30 жніўня падчас шматтысячнага маршу за перамены ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальную справу супраць футбалістаў «Крумкачоў» спынілі

Спартоўцы вярталіся з трэніроўкі, іх схапілі і зьбілі. Казеку шпіталізавалі, бо сілавікі пашкодзілі яму хрыбетнік і нырку. Абодвум інкрымінавалі «напад на службовы транспарт» міліцыі.

Ад крымінальнай справы іх уратаваў толькі перагляд відэазапісаў, зь якіх бачна, што да ніяк не абазначанага мікрааўтобуса яны нават не набліжаліся.