«Магчыма, я крыху пераседзеў». Лукашэнка даў інтэрвію расейскім журналістам

Аляксандар Лукашэнка падчас інтэрвію

Напярэдадні візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію прадстаўнікам расейскіх СМІ. «Так, магчыма, я крыху пераседзеў», —​ заявіў ён.​

У менскім Палацы незалежнасьці на інтэрвію з Лукашэнкам сабраліся журналісты з Расеі. Тут была галоўная рэдактарка міжнароднага тэлеканалу Russia Today Маргарыта Сіманьян, чые падначаленыя былі кінутыя на ўзмацненьне беларускім тэлевізійнікам пасьля звальненьня мясцовых журналістаў і тэхнічных супрацоўнікаў.

Карэспандэнт тэлеканалу «Россия-1» Яўген Ражкоў пасьля інтэрвію з Лукашэнкам у жывым эфіры праграмы «60 минут» расказаў пра некаторыя моманты з інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам.

Марыя Калеснікава, паводле Аляксандра Лукашэнкі, хацела ўцячы ва Ўкраіну, бо мае там сястру. Як памежнік Лукашэнка лічыць правільным, што яе затрымалі. Двух іншых просяць Ўкраіну вярнуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Марыі Калесьнікавай зьняпраўдзіў заяву Лукашэнкі

Што да пратэстаў, то, паводле Аляксандра Лукашэнкі, за імі стаяць амэрыканцы, якія дзейнічаюць праз Польшчу і Чэхію.

На пытаньне пра ўнутраныя прычыны пратэсту Лукашэнка адказаў:

«Так, магчыма, я крыху пераседзеў; так, магчыма, мяне паказваюць з праса і чайніка, але толькі я магу цяпер абараніць Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Калі я сыду, маіх прыхільнікаў будуць рэзаць!»

Другой унутранай прычынай пратэсту Лукашэнка назваў тое, што вырасла два новыя пакаленьні і сфармаваўся невялікі пласт «буржуйчыкаў», якія хочуць улады.

Наконт зьбіцьця дэманстрантаў сілавікамі Лукашэнка сказаў, што гэта «былі першыя гарачыя эмоцыі». Але амапаўцаў нельга папракаць, бо яны абаранілі краіну ад бліц-крыга. А з празьмерным ужываньнем сілы ён паабяцаў разьбірацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што на БТ журналісты «чакалі рэвалюцыі», і падзякаваў Russia Today за дапамогу

Таксама запрасілі карэспандэнта «Первого канала» Антона Вярніцкага, вядоўцу праграмы «Вести» на тэлеканале «Россия-1» Яўгена Ражкова і галоўнага рэдактара радыёстанцыі «Говорит Москва» Рамана Бабаяна.

Зьмест размовы не агалошваецца. Праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» толькі выклаў здымак, дзе Лукашэнка і Сіманьян стаяць разам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль упершыню пракамэнтаваў «перахопленую размову» Ніка і Майка