У Гомлі пасадзілі да суду ў ізалятар дзьвюх жанчын, адна зь іх мае малое дзіця

Гомельская актывістка Сьвятлана Нарскіна.

У Гомлі ўчора міліцыя затрымала дзьвюх жанчын — Сьвятлану Нарскіну і Тацьцяну Бачурную.

Тацьцяна адна выхоўвае малалетняга сына. Тацьцяна Бачурная зьбірала подпісы за тое, каб адклікаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Гомельскай-Навабеліцкай акругі Вольгу Крэч.

Жанчыну міліцыя затрымала проста на працы, завезла ў аддзел, а потым у ІЧУ. Яе дзеяньні дзеля збору подпісаў міліцыянты расцанілі як несанкцыянаванае мерапрыемства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі аштрафавалі мясцовую жыхарку, якая на вуліцы размаўляла зь людзьмі пра палітыку

Сьвятлану Нарскіну ўчора выклікалі ў Цэнтральны РАУС з прычыны яе ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту. Адтуль яна ня выйшла — жанчыну таксама завезьлі ў ІЧУ да панядзелка, калі над ёй будзе суд.

Учора Сьвятлана Нарскіна цэлы дзень была ў судзе, падтрымлівала такім чынам журналістку Ларысу Шчыракову, якая таксама правяла суткі да суду у ізалятары часовага ўтрыманьня. Ані міліцыя, ані суд не давалі блізкім і калегам Шчыраковай ніякіх зьвестак пра яе затрыманьне і суд. Яе судзілі за нібыта непадпарадкаваньне міліцыі ў будынку АУС Гомельскага раёну, на суд нікога не пусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе ў нас няма». У Гомлі зьнікла журналістка, якую ўчора пасадзілі ў ізалятар

Пасьля суду Шчыракову завезьлі ў міліцыю і склалі новы пратакол паводле артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Маецца на ўвазе супраца з тэлеканалам Белсат.