Затрыманых падчас студэнцкага маршу журналістаў будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі

Шасьцёра журналістаў Tut.by, БелаПАН і «Комсомольской правды в Беларуси» будуць судзіць паводле артыкулу 23.34 КоАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).

Суд над журналістамі пачнецца не раней за 14-ю гадзіну. Пра гэта паведаміў адвакат Андрэй Мачалаў.

Затрыманыя падчас студэнцкага маршу пратэсту журналісты, правялі ноч у РУУС Кастрычніцкага раёну. Побач з РУУС іх падтрымлівалі некалькі дзясяткаў журналістаў Tut.by і іншых СМІ.

Цяпер некалькі дзясяткаў журналістаў стаяць каля будынка Кастрычніцкага РУУС.

Журналісты каля РУУС Кастрычніцкага раёну Менску

Падтрымаць журналістаў прыехала сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава.

Марыя Калесьнікава і галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава

1 верасьня сілавікі затрымалі некалькі журналістаў, якія асьвятлялі акцыю пратэсту студэнтаў.

На вуліцы Кірава ў раёне стадыёну «Дынама» ў Менску ў 16.55 затрымалі журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу і журналіста-фрылансэра Васіля Сямашку. Там жа сілавікі затрымалі некалькі дзясяткаў студэнтаў, якія ішлі калёнай.

Таксама на маршы студэнтаў затрымалі супрацоўнікаў «Комсомольской правды в Беларуси»: фатографа Сьвятаслава Зоркага, апэратара Мікіту Недаверкава і карэспандэнта Марыю Эляшэвіч.

Расейскае інфармагенцтва «РИА Новости» піша, што адным з затрыманых у Менску журналістаў быў іх карэспандэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25-ы дзень пратэстаў. Судзяць студэнтаў і журналістаў