Судзяць пратэстоўцаў і журналістаў. Хроніка 28 жніўня. Абнаўляецца 

У Менску і іншых гарадах Беларусі 28 жніўня адбудуцца суды над шматлікімі ўдзельнікамі акцый пратэсту.

Затрыманых на плошчы Свабоды і плошчы Незалежнасьці ў Менску вечарам 27 жніўня супрацоўнікаў беларускіх і замежных СМІ пасьля праверкі дакумэнтаў адпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманую журналістку БелаПАН забрала «хуткая»

Але ня ўсіх. Журналістку БелаПАН Тацяну Каравянкову з РАУС забрала «хуткая».

А яшчэ на чатырох, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэтыя тыя, хто адмовіўся даваць свае смартфоны на праверку супрацоўнікам міліцыі: Кацярына Андрэева, Максім Гарчанак, Аляксандар Васюковіч, Андрэй Ярашэвіч. Іх пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Затрыманых журналістаў, якіх пакінулі ў РУУС да суду, будуць судзіць па відэасувязі. У будынак суду іх не павязуць.

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева праз скайп на судовым працэсе пасьпела сказаць, што на знак пратэсту супраць затрыманьня пачала галадоўку. Пасьля гэтага справу вярнулі на дапрацоўку, журналістку вызваляюць, паведамляе БАЖ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На плошчы Незалежнасьці журналістаў Радыё Свабода затрымалі ў жывым эфіры. ВІДЭА

Вядома мінімум пра адну дэпартацыю — швэдзкага журналіста Пола Хансэна. Напярэдадні позна ўвечары да Кастрычніцкага РУУС прыехала амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крысьціна Юханэсан. Хансэн цягам 24 гадзін мусіць пакінуць Беларусь, яму забаранілі ўезд у краіну на 5 гадоў.