Украіна замарозіла кантакты з афіцыйным Менскам

Дзьмітро Кулеба

Украіна прыпыніла кантакты з уладамі Беларусі, заявіў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба ў эфіры ўкраінскага тэлеканалу «1+1». Украінскі бок плянуе аднавіць камунікацыю, калі яна перастане несьці маральныя і рэпутацыйныя страты для Ўкраіны.

«Афіцыйна заяўляю — у нас усе кантакты зь беларускім бокам замарожаныя, пастаўленыя на паўзу. Толькі калі мы пераканаемся, што гэтыя кантакты ня будуць прыносіць ні рэпутацыйных, ні маральных стратаў для Ўкраіны, яны будуць адноўленыя», — сказаў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Кулеба нагадаў, што сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася з намесьнікам дзяржаўнага сакратара ЗША.

«Цяпер ключавое пытаньне, каб уплыў Расеі на падзеі ў Беларусі не павялічваўся і не пераходзіў у сілавы сцэнар», — падкрэсьліў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і ЗША абмеркавалі «беларускае пытаньне»: «Ніякія зьнешнія сілы не павінны ўплываць на выбар народу»

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба і першы намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэн Бігэн на сустрэчы 27 жніўня ў Кіеве абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі.