За падтрымку пратэстоўцаў адкліканы і звольнены яшчэ адзін беларускі дыплямат 

Пікет каля МЗС Беларусі, 18 жніўня

Адкліканы і звольнены зь Міністэрства замежных справаў трэці сакратар амбасады Беларусі ў Індыі Андрэй Місюра.

Раней ён падтрымаў мірную акцыю салідарнасьці зь беларускім народам у Дэлі, пахваліў землякоў зь Бярозы, якія выйшлі ў «жаночыя ланцугі», аздобіў свой фатаздымак ў Фэйсбуку бел-чырвона-белым сьцяжком і запісаў адмысловы відэазварот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей заявіў, што Беларусі патрэбны перамены і што яму пагражаюць

«Мае любімыя сябры, роднасныя душы, партнэры. Гэта мой апошні дзень у якасьці беларускага дыплямата ў Дэлі... Мая сталіца адклікае мяне, у гэтай якасьці мая служба скончылася. Сёлетні год разбурае пляны, забірае жыцьцё і зьмяняе лёсы. Але я ўпэўнены, што праўдзівыя адносіны будуць доўжыцца і будуць выкрышталізоўвацца яшчэ ў лепшай, маляўнічай форме», — адзначыў у прамове па-ангельску Андрэй Місюра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Ляшчэня вызвалены ад пасады амбасадара Беларусі ў Славаччыне

Раней з крытыкай неапраўданага міліцэйскага гвалту супраць мірных пратэстоўцаў выступіў амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня. Пасьля гэтага на загад Аляксандра Лукашэнкі ён таксама быў звольнены і дачасна спыніў амбасадарскія функцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі супрацоўніка МЗС, які выйшаў на пікет, каб выказаць нязгоду з гвалтам міліцыі ў Беларусі

За адзіночныя пікеты ля будынку замежнапалітычнага ведамства з фармулёўкай «у сувязі з грубым парушэньнем працоўных абавязкаў» былі звольненыя начальнік гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслаў Казачонак і намесьніца начальніка ўпраўленьня эўразійскай інтэграцыі Алена Копанева.