Больш за 500 мэдыкаў запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі

Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў

Прынамсі 500 супрацоўнікаў сфэры аховы здароўя абнародавалі зварот з палітычнымі патрабаваньнямі.

У якасьці матывацыі яны адзначылі «шакавальныя праявы жорсткасьці з боку праваахоўных органаў, цяжкія наступствы зьбіцьця і катаваньняў сотняў грамадзянаў, маштабныя перашкоды ў прадастаўленьні мэдычнай дапамогі пацярпелым».

Мэдыкі запатрабавалі:

  • адстаўкі Лукашэнкі,
  • спыненьня гвалту,
  • прыцягненьня да адказнасьці службоўцаў, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы,
  • неадкладна даць мэдычнаму пэрсаналу бесперашкодны доступ у месцы ўтрыманьня для агляду ўсіх затрыманых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12-ы дзень пратэстаў. Пагрозы Латушку. Крымінальная справа супраць Каардынацыйнай рады

У сувязі са шматлікімі фактамі парушэньня выбарчага заканадаўства і правоў грамадзянаў, выстаўляюцца таксама патрабаваньні:

  • вызваліць грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асобаў — удзельнікаў мірных акцый,
  • адмяніць вынікі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, што прайшлі 9 жніўня 2020 года і правесьці новыя празрыстыя выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле незалежных назіральнікаў,
  • аддаць пад суд асобаў, якія маюць дачыненьне да фальсыфікацый вынікаў галасаваньня падчас правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.