На акцыю салідарнасьці за патрабаваньнем новых выбараў выйшлі працаўнікі менскай ЦЭЦ-2

Трубы ТЭЦ, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі ЦЭЦ-2 выйшлі на вуліцу Трасьцянецкую на акцыю салідарнасьці зь іншымі рабочымі, якія трымаюць страйк з патрабаваньнем новых выбараў.

Паводле працаўніка Віталя, пакуль гэта ня страйк, але тых, хто гатовы страйкаваць на ЦЭЦ-2 і гарадзкіх ўчастках, шмат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль без галадоўкі. Страйкам «Беларуськалію» вырашыў працягваць забастоўку

«На ТЭЦ працуе каля 700 чалавек, у нашай група, хто патрабуе новых выбараў і можа пайсьці на страйк, каля 200. У мінулую пятніцу быў сход з ўдзелам прафсаюзу, склалі ліст з патрабаваньнямі і перадалі кіраўніцтву. Там абяцалі перадаць вышэй. Людзі падпісваліся, але бачаць, што нас ня хочуць слухаць, зацягваюць час. Сёньня стала вядома, што кіраўніцтва «Белэнерга» разаслала падпарадкаваным структурам загад аб пэрсанальнай адказнасьці за дысцыпліну, абавязалі кожны дзень па тры разы дакладаць пра сытуацыю і паведамляць прозьвішчы тых, хто бярэ ўдзел у акцыях», -- распавёў Свабодзе Віталь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частка працаўнікоў МТЗ вырашыла працягваць страйк

Цяпер працаўнікі ТЭЦ-2 праводзяць акцыю салідарнасьці ў свой абедзенны перапынак. Абяцаюць, што будуць сачыць за сытуацыяй і вырашаць, што рабіць далей. Але гэтак усё пакідаць нельга, дадаў іншы працаўнік.