Лукашэнка прывёў войскі ў баявую гатоўнасьць, «Беларуськалій» цалкам спыніў працу. Найважнейшае за 18 жніўня

Страйк на МТЗ, 18 жніўня

Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 44 арыштаваныя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Паводле зьвестак парталу Tut.by, 58 чалавек дагэтуль ня могуць знайсьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наслухаўшыся пра зьверствы сілавікоў, я магу паверыць у самае страшнае». Што кажуць сваякі зьніклых

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускае войска на заходняй межы прыведзенае ў поўную баявую гатоўнасьць. Паводле яго, прысутнічае скаардынаваная зьнешняя пагроза ў дачыненьні да Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Войска на заходніх межах Беларусі прыведзенае ў поўную баявую гатоўнасьць

Сёньня ў Менску прайшло першае пасяджэньне Каардынацыйнай рады Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што гаварылі на прэс-канфэрэнцыі чальцы Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады. ВІДЭА

Аляксандар Лукашэнка назваў каардынацыйную раду Ціханоўскай спробаю захопу ўлады «з усімі наступствамі, якія вынікаюць». Ён заявіў, што ў раду ўвайшлі «былыя прыкарытнікі», «пакрыўджаныя», «адкрыта адвязаныя нацысты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Там нацысты». Лукашэнка назваў каардынацыйную раду Ціханоўскай спробаю захопу ўлады

Два буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі цалкам спынілі працу. Гэта салігорскі «Беларуськалій» і жлобінскі Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ). Пазьней на БМЗ працу часткова аднавілі. На МАЗе, МТЗ, МЗКЦ і іншых працу прыпыніла частка супрацоўнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працаўнікі Менскага маторнага заводу: страйкуем часткова

Старшыня Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заклікаў стварыць Нацыянальны страйкавы камітэт (НСК). І ад яго імя ўступіць у дыялёг наўпрост з уладнымі структурамі пра транзыт улады ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс незалежных прафсаюзаў заклікаў стварыць нацыянальны страйкавы камітэт

У Магілёве і Гомлі прайшлі мітынгі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве машына зьбіла ўдзельніка мітынгу апанэнтаў Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб узнагароджаньні» за «ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў». Ва ўказе на 25 старонках пералічваюцца сілавікі з рознымі функцыямі: ад выкладчыкаў Акадэміі МУС і сьледчых да кіроўцаў аўтазакаў і байцоў АМАП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўзнагародзіў сілавікоў. Сярод іх амапаўцы, кіроўцы аўтазакаў, наглядчыкі ізалятараў

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёньня абмеркаваў беларускае пытаньне з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Ён папярэдзіў суразмоўцаў наконт недапушчальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраны канфлікт у Беларусі. Канцлер Мэркель выказала меркаваньне аб неабходнасьці спыніць перасьлед мірных маніфэстантаў і распачаць дыялёг паміж уладай і грамадзкасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін правёў перамовы наконт Беларусі з Макронам

Вашынгтон у зручны момант будзе весьці дыялёг з Масквой наконт падзей у Беларусі, заявіў сёньня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі, «здаецца, ня вельмі шмат дэмакратыі». Таксама ён падкрэсьліў, што акцыі пратэсту ў Беларусі праходзяць мірна.

Горадзенскія ўлады задаволілі патрабаваньні дэманстрантаў, але два чалавекі застаюцца за кратамі

1. Мітынгаваць цяпер можна на цэнтральных плошчах Горадні. Улады будуць дапамагаць з тэхнічным забесьпячэньнем.

2. Міліцыя просіць прабачэньня ў затрыманых за ўдзел у пратэстах і кажа, што ўсе яны вызваленыя. Аднак за кратамі застаюцца Дзьмітры Ціт і Сяргей Рымша, на якіх заведзеныя крымінальныя справы. Крымінальны перасьлед у іх дачыненьні ўлады 17 жніўня абяцалі спыніць, аднак яны яшчэ ў зьняволеньні.

3. Апазыцыі дадуць тэлеэфір.

4. Абяцаюць не караць удзельнікаў забастоўкі. Але работнікі розных прадпрыемстваў па-ранейшаму скардзяцца на ціск з боку кіраўніцтва за жаданьне баставаць.