Былы сьледчы панёс у РУУС калектыўны зварот і больш адтуль ня выйшаў 

Ілюстрацыйнае фота

Жыхары Першамайскага раёну Менску падпісалі калектыўны ліст, каб дамовіцца пра сустрэчу з начальнікамі мясцовых РУУС і РАСК.

Былы сьледчы Першамайскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Аляксандар Шагаў раней заявіў, што мэта сустрэчы — дамагчыся расьсьледаваньня жорсткага зьбіцьця супрацоўнікамі АМАПу іх суседзяў проста ў пад’езьдзе дому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не магу глядзець на тое, што адбываецца ў маёй краіне», — міліцыянт, які звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведамілі, што Шагаў каля 14-й гадзіны пайшоў адносіць калектыўны зварот у РУУС. У будынак міліцыі ён зайшоў, але так і не вярнуўся.

Увечары каля 100 чалавек з групы падтрымкі працягваюць чакаць яго каля ўваходу, тэлефон былога сьледчага недаступны.

На нейкі час заяўнікі блякавалі ўпраўленьне, міліцыянты не маглі трапіць у будынак і адтуль выйсьці.