«Сьцяна пасыпалася». Ціханоўская падтрымала супрацоўнікаў БТ, якія пайшлі супраць сыстэмы 

Акцыя пратэсту каля Белтэлерадыёкампаніі, 15 жніўня

Штаб Сьвятланы Ціханоўскай вітаў страйк супрацоўнікаў Беларускай тэлевізіі, якія выказалі салідарнасьць з палітычнымі патрабаваньнямі народа.

«Мы заўсёды верылі, што сярод чыноўнікаў і работнікаў дзяржаўных мэдыяў ёсьць сумленныя і прыстойныя людзі, — гаворыцца ў заяве. — Мы бачым, што ў іх, як і ў іншых, праходзіць страх перад сыстэмай, і яны гатовыя гаварыць тое, што насамрэч думаюць пра сытуацыю ў краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні супрацоўнікаў БТ гатовы абвесьціць страйк. Улагоджваць канфлікт прыехала Качанава. ФОТА, ВІДЭА

Аб’яднаны штаб удзячны журналістам дзяржаўных СМІ, якія выйшлі і не пабаяліся сказаць праўду, а таксама супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі, гатовым далучыцца да страйку.

Каманда Сьвятланы Ціханоўскай і сама кандыдатка з надзеяй глядзяць на мірныя акцыі на вуліцы гарадоў і адчуваюць, што «сьцяна пасыпалася». Прадстаўнікі кандыдаткі гатовыя размаўляць з уладамі адносна таго, як і калі Аляксандар Лукашэнка сыдзе з пасады кіраўніка дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыторыка дзяржаўных СМІ мяняецца: на АНТ паказалі сюжэт пра «мірныя акцыі пратэсту»

Таксама штаб заклікае ўсе працоўныя калектывы далучыцца да бестэрміновага страйку з патрабаваньнямі вызваленьня палітвязьняў і затрыманых на акцыях, адводу войскаў і байцоў АМАПу з гарадоў.

Абавязковай умовай застаецца прыцягненьне да адказнасьці сілавікоў і асобаў, якія непасрэдна аддавалі загады аб зьбіцьці, расстрэлах і катаваньнях мірных грамадзянаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У АМАП зьвярыныя вочы». Пад гомельскім ІЧУ галадае маці затрыманага

«Рабіце сваю працу правільна, сумленна і паводле закону, праявіце чалавечнасьць і гуманнасьць», — напісала Сьвятлана Ціханоўская супрацоўнікам СІЗА № 1.

Яна падзякавала тым, хто перадаваў перадачы яе мужу і папрасіла падтрымаць яго лістамі — 18 жніўня ў Сяргея Ціханоўскага будзе дзень нараджэньня.