«Дыджэя пераменаў» Сакалоўскага 5 дзён трымалі ў карцэры і вярнулі ў камэру ў адных майтках 

Дзіцячы доктар Андрэй Вітушка

10 жніўня дзіцячага лекара-рэаніматоляга Андрэя Вітушку і яго жонку Крысьціну затрымалі каля будынку Цэнтральнага РУУС Менску. Туды яны прыехалі, каб забраць 16-гадовага сына Мірона.

Крысьціну выпусьцілі праз двое содняў, Андрэй адсудзеў на содні больш. У цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна ён быў у адной камэры з Уладзіславам Сакалоўскім, які 6 жніўня ўключыў песьню «Перемен» на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім сквэры.

За гэта суд пакараў яго 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Палову зь іх ён правёў у карцары. У камэру яго перавялі ў адной бялiзьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнсацыя ў Кіеўскім сквэры. Гукарэжысэры дзяржаўнай імпрэзы ўключылі «Перемен» Цоя

«Да нас яго перавялі ў адных майтках, з босымі нагамі. Сказаў, што адзеньне забралі. Уладзіслаў — нармальны, адэкватны, разумны малады чалавек. Трымаўся бадзёра. Было відаць, што яму няпроста, але ён трымаецца. Радаваўся салідарнасьці людзей, таму, што яго памятаюць. Быў зьдзіўлены, што яму з калегам Кірылам Галанавым сабралі сродкі. Выказваў асьцярогу, што будуць „шыць” дадатковыя крымінальныя справы, каб адпомсьціць. Мы стараліся пераканаць у адваротным — што цяпер ён пад моцным грамадзкім наглядам».

Андрэй Вітушка кажа, што многія на Акрэсьціна апавядалі менавіта пра Ўлада. Пра другога хлопца — Кірылу Галанава — ён нічога ня чуў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваным «дыджэям пераменаў» сабралі 25 тысяч даляраў 

Доктар таксама выказвае падзяку сваім калегам, якія некалькі дзён выходзілі на праспэкт Дзяржынскага зь яго партрэтам, выступалі супраць гвалту і патрабавалі адпусціць усіх затрыманых.