МУС: 2 тысячы затрыманых за пратэсты адпушчаныя дадому. У турмах застаюцца яшчэ 5 тысяч

Людзі шукаюць сваякоў ў турме на завулку Акрэсьціна

У МУС заклапочаныя праблемай перапоўненасьці месцаў увязьненьня затрыманых: БелТА спасылаецца на афіцыйную прадстаўніцу ведамства Вольгу Чамаданаву.

Зь яе словаў, мінулыя содні сталі самымі спакойным за апошнія чатыры дні. Акцыі мелі мірны характар, удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці» ў сталіцы і шэрагу гарадоў паказалі імкненьне да ўрэгуляваньня ўсіх пытаньняў негвалтоўнымі мэтадамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як задакумэнтаваць выпадкі катаваньняў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці 

У асобных выпадках мелі месца «несанкцыянаваныя мерапрыемствы», агулам за содні складзена 102 пратаколы аб адміністрацыйных парушэньнях.

Акрамя таго, удакладніла Чамаданава, МУС заклапочаны праблемай перапаўненьня месцаў увязьненьня затрыманых.

Звыш 2 тысяч чалавек ужо адпушчаныя дадому, лёс іншых вырашаецца, дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску і Жодзіне пачалі выпускаць затрыманых 9-12 жніўня

Ад моманту першых акцыяў пратэсту 9 жніўня па ўсёй Беларусі былі затрыманыя амаль 7 тысяч чалавек. З гэтай прычыны ў камэрах, разьлічаных на 4–6 вязьняў, трымалі па 40–50.