Опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў адмовіўся ад званьня ляўрэата прэзыдэнцкай прэміі

Ільля Сільчукоў

Зорка Вялікага тэатру Беларусі Ільля Сільчукоў адмовіўся ад званьня ляўрэата прэзыдэнцкай прэміі.

На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ён напісаў:

«У сьвятле таго, што адбылося, я адмаўляюся насіць званьне тройчы ляўрэата гранд-прэміі прэзыдэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.

Гэта несувымерна меншая страта ў параўнаньні з скалечанымі і загубленымі жыцьцямі маладых герояў», — напісаў Сільчукоў.

«Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром», — працытаваў ён біблейскае Пасланьне да рымлянаў.

Ільля Сільчукоў быў ляўрэатам гранд-прэмій прэзыдэнцкага фонду ў 2008, 2009 і 2010 гадах.

Ён ляўрэат больш як 15 міжнародных конкурсаў вакалістаў.

Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.

Саліст беларускага Вялікага тэатру з 2005 году.

На мінулым тыдні Ільля Сільчукоў прэзэнтаваў відэакліп «Мова», які суправаджаецца прысьвячэньнем «Памяцi продкаў. Зь любоўю да беларусаў і з пашанай да Мовы!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Жыве Беларусь!» да Лэдзі Гаагі — 14 песень апошніх тыдняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абрыдла баяцца». Грыбалёва, Хаменка, вакаліст «Харлі» і іншыя запісалі песьню-зварот да беларусаў