Дырэктар школы напісаў заяву на звальненьне ў дзень выбараў. Ён быў старшынём участковай камісіі

Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Менску

Яўген Макарэвіч працаваў дырэктарам 22 гады. На ўчастку, дзе ён быў старшынём камісіі, перамогу ў выбарах прэзыдэнта Беларусі атрымала Сьвятлана Ціханоўская.

Яўген Макарэвіч праводзіць у школе адзіны дзень інфармаваньня «ШАГ — школа актыўнага грамадзяніна», 2019 год

У дзень выбараў 9 жніўня дырэктар сярэдняй школы № 5 Маладэчна Яўген Макарэвіч напісаў заяву на звальненьне з уласнага жаданьня. Ён узначальваў выбарчую камісію на Старамесным участку № 29. Пасьля падліку галасоў на ім перамагла Сьвятлана Ціханоўская з вынікам 741 голас. У дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі было на 121 голас менш — 620.

«Я ўжо ўсё, што мог сказаць, сказаў, — заявіў у размове з Свабодай Яўген Макарэвіч. — Я зараз у адпачынку і не хачу вяртацца да гэтага бруду, да гэтага ўсяго, што адбылося. Я напісаў заяву на звальненьне ў дзень выбараў, але яе мне пакуль не падпісалі. Таму напісаў новую — на адпачынак. Пакуль я ў адпачынку. Сёньня зьехаў за горад».

Як патлумачыў Свабодзе Яўген Макарэвіч, ён быў у аддзеле кадраў раённага аддзелу адукацыі. Там яму сказалі, што заява на звальненьне з пасады дырэктара не зарэгістраваная. Ніхто ня ведае, дзе яна цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каля 100 камісій ужо апублікавалі сумленныя вынікі». Сумленным чальцам выбаркамаў абяцаюць абарону

«Ці хачу я працаваць далей у школе? На сёньня нічога не магу сказаць, — кажа Яўген Макарэвіч. — Як будуць складвацца абставіны далей, там буду глядзець. Ці зьвязаны мой учынак з тым, як праходзілі выбары? Хутчэй за ўсё я выгараў для ўсіх тых справаў. Мне хочацца нейкага спакою. 22 гады адпрацаваў дырэктарам, хочацца спакою».

З словаў дырэктара школы № 5 Маладзечна, яму не званілі з райвыканкаму альбо іншых уладных органаў пасьля таго, як ён здаў пратакол галасаваньня на сваім участку ў раённую камісію. Спадар Макарэвіч, аднак, прызнае, што выбары сёлета праходзілі незвычайна.

«Напружанасьць была своеасаблівая ў дзень выбараў. Напэўна, гэта паспрыяла ўсяму. Мы здалі пратакол (падліку галасоў на выбарчым участку. — РС) у раённую камісію. Што зрабілі, тое зрабілі. Як там хто лічыў нашыя галасы, я ня ведаю. Але мы свой пратакол здалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумленныя людзі»: яўка на датэрміновае галасаваньне завышаная прыкладна ўдвая

Прэзыдэнцкія выбары 2020 году для Яўгена Макарэвіча сталі ня першымі, на якіх ён кіраваў выбарчай камісіяй. Расказваць пра ранейшыя кампаніі настаўнік ня стаў.

Згодна з афіцыйным паведамленьнем, перамогу на выбарах 9 жніўня з вынікам больш за 80% атрымаў Аляксандар Лукашэнка. Сьвятлана Ціханоўская набрала крыху больш за 10% галасоў. Яе штаб лічыць вынікі сфальсыфікаванымі і называе Ціханоўскую сапраўднай пераможцай. Колькасьць участкаў па ўсёй краіне, на якіх перамагла Сьвятлана Ціханоўская, расьце. Іх ужо больш за сотню. Канчатковыя вынікі выбараў абвесьцяць у пятніцу 14 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыва «Честные люди»: пратаколы выбарчых камісіяў указваюць на фальсыфікацыю