Уладзімір Зяленскі заклікаў уладу і грамадзтва Беларусі да дыялёгу

Уладзімер Зяленскі

Уладзімір Зяленскі заклікаў уладу Беларусі і яе апанэнтаў да дыялёгу. Пра гэта прэзыдэнт Украіны сказаў у адмысловай заяве аб падзеях у Беларусі, якую распаўсюдзіў ягоны тэлеграм-канал.

«Ужо відавочна, што ня ўсе ў краіне згодныя з абвешчанымі папярэднімі вынікамі выбараў. І, як вядома, любая легітымнасьць узьнікае выключна з даверу грамадзкасьці. Выключна з даверу. Сумненьні такога маштабу — прамы шлях да гвалту, канфлікту, да нарошчваньня грамадзкага пратэсту», — лічыць Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводле папярэдніх дадзеных ЦВК, Лукашэнка мае 80.23%, Ціханоўская — 9.9%

Украінскі прэзыдэнт заклікаў беларусаў да максымальнай талерантнасьці, цярпімасьці і адмовы ад вулічнага гвалту.

«Мы заклікаем да максымальна адкрытага, хай і складанага, дыялёгу. Бо толькі шырокі дыялёг можа забясьпечыць грамадзянам Рэспублікі Беларусі выхад з складанай крызіснай сытуацыі і сумленна абмеркаваць далейшыя крокі і фарматы грамадзкага ўзаемадзеяньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца «Вясны» паведаміў пра гібель чалавека падчас пратэсту ў Менску. МУС зьняпраўджвае

У адваротным выпадку, паводле ўкраінскага прэзыдэнта, эскаляцыя гвалту ўзрасьце, і гэта пагражае надзвычай горкімі наступствамі.

«У сваіх дзеяньнях Беларусь павінна максымальна прытрымлівацца агульнапрынятых дэмакратычных стандартаў у цывілізаваным сьвеце. І намагчыся забясьпечыць уласным людзям іхныя правы і свабоды ў поўным аб’ёме. Гэта адзіны спосаб захаваць надзею на выхад з крызісу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уначы пасьля выбараў хірургаў выклікалі з дому для правядзеньня экстраных апэрацый пацярпелым