«Да агітацыі дачыненьня ня мае». Што за бясплатныя канцэрты ў Беларусі 8 жніўня

Ілюстрацыйнае фота

Напярэдадні выбараў, 8 жніўня, у розных гарадах Беларусі адбудуцца маштабныя канцэрты, на якія запрошаныя зоркі расейскай эстрады, а таксама некаторыя беларускія выканаўцы. Паводле сайтаў гарвыканкамаў, канцэрты будуць бясплатныя.

У Магілёве каля Палаца культуры выступяць Boney M, «Дыскатэка Аварыя», «Кар-Мэн», Іна Афанасьева; у Горадні на плошчы Леніна — Леанід Агуцін, Уладзімір Прасьнякоў, Руслан Аляхно; у Віцебску на плошчы Перамогі — Грыгорый Лепс, Аляксандар Панаётаў ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні выбараў па ўсёй Беларусі пройдуць канцэрты зорак расейскай эстрады

«Ніякага сьвята, гэта проста канцэрт»

Мэнэджар артыста Аляксандра Панаётава Кацярына сказала карэспандэнту Свабоды, што гэта «ня мае ніякага дачыненьня да выбараў».

— Гэта сьвяточны канцэрт, і ня толькі Аляксандра. Ні да выбараў, ні да нейкай агітацыі ён дачыненьня ня мае.

Карэспандэнт: Дык а якое сьвята 8 жніўня ў Беларусі?

— Ніякага сьвята, гэта проста канцэрт.

Мэнэджар сказала, што Аляксандра Панаётава запрасілі арганізатары, а інфармацыю пра ганарар назвала «прыватнай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры чым тут Лукашэнка?» — каманда ўкраінскага сьпевака Алега Віньніка пра выступ у Берасьці перад выбарамі

«Ужо патэлефанавалі чалавек дваццаць»

Прэс-сакратарка Леаніда Агуціна Натальля Ніколенка не пракамэнтавала ўдзел зоркі ў бясплатным канцэрце ў Горадні напярэдадні выбараў, але пацьвердзіла, што сьпявак прыедзе.

«Ужо патэлефанавалі чалавек дваццаць, хто прасіў камэнтары. Я Леаніду накіравала паведамленьні, але ён мне на іх не адказаў. У мяне няма камэнтароў».

«Я з задавальненьнем там выступаю»

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка перад канцэртнай дзейнасьцю на гэтым тыдні нават прагаласаваў датэрмінова. Пра мэты канцэрту і яго арганізатараў ён нічога не сказаў, маўляў, «толькі даведаўся».

«Я ў Гомель еду, бо там мае землякі, я з задавальненьнем там выступаю. Наколькі я разумею, гэта сьвята для горада Гомля».

Анатоль Ярмоленка сказаў, што ягоны выступ дабрачынны, ніякіх ганарараў ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зорка 90-х Haddaway заявіў, што не пагаджаўся на канцэрт у Беларусі. Улады анансавалі яго выступ у Гомлі 8 жніўня