Facebook упершыню выдаліў допіс Трампа, Twitter — забаніў рахунак ягонага штабу

Facebook выдаліў паведамленьне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра каранавірус. Запіс у афіцыйным акаўнце прэзыдэнта ўтрымліваў урывак з інтэрвію тэлеканалу Fox News. У размове Трамп настойвае на аднаўленьні заняткаў у школах і кажа, што, на ягоную думку, дзеці валодаюць амаль поўным імунітэтам да вірусу.

Прадстаўнік Facebook заявіў, што выказваньні кіраўніка Белага дому ўтрымліваюць непраўдзівую інфармацыю. Публікацыя такіх відэа супярэчыць палітыцы сацсеткі ў пытаньнях каранавірусу. Facebook раней выдаляў рэклямныя ролікі выбарчага штабу Трампа, але допіс прэзыдэнта выдалены ўпершыню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: «TikTok павінен прадаць бізнэс у ЗША да 15 верасьня»

Фрагмэнт інтэрвію Трампа таксама быў разьмешчаны ў Twitter ягонага выбарчага штабу. Кіраўніцтва Twitter заблякавала рахунак, спаслаўшыся на тое, што паведамленьне ўтрымлівае дэзынфармацыю пра каранавірус.

Выбарчы штаб прэзыдэнта ЗША назваў дзеяньні сацсетак перадузятымі і абвінаваціў Facebook і Twitter у спрыяньні дэмакратам. «Прэзыдэнт прывёў факты, якія сьведчаць, што дзеці менш схільныя да заражэньня каранавірусам», — паведаміла прадстаўніца штабу Трампа Кортні Парэльля. Белы дом сытуацыю пакуль не пракамэнтаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары прэзыдэнта ЗША ня будуць адкладаць