Чэрачань прыняў прапанову Лукашэнкі рэфармаваць дзяржпрадпрыемствы

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сяргей Чэрачэнь адказаў на прапанову дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, якую той выказаў 4 жніўня падчас Пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Лукашэнка заявіў, што гатовы даць кандыдатам у прэзыдэнты, калі яны «ведаюць рэцэпт, як без сацыяльных выбухаў, па-асабліваму рэфармаваць асобныя дзяржпрадпрыемствы», даць імі пакіраваць.

«Прадпрыемстваў звышдастаткова моцных, добрых. Напрыклад, „БАТЭ“, „Магілёўхімвалакно“, „Белшына“, „Камволь“ — выбірайце, ідзіце, пакажыце сябе, як вы ўмееце гэта рабіць. Я ўжо гады тры таму назад некалькім прапанаваў, да гэтага часу не прыйшлі», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 8,9 мільярда рублёў у параўнаньні зь мінулым годам. Як беларускія прадпрыемствы працуюць ва ўмовах пандэміі

5 жніўня Сяргей Чэрачань апублікаваў на сваім сайце зварот да Лукашэнкі, у якім паведаміў, што ягоная каманда «з гатоўнасьцю прымае» ягоную прапанову і гатовая правесьці комплексны аўдыт (дыягностыку) «Менскага маторнага заводу» і даць падрабязнае заключэньне з указаньнем праблемных зон. Па выніках аўдыту каманда рэкамэндуе плян мерапрыемстваў і канкрэтных дзеяньняў для выхаду заводу з крызісу і павышэньня яго эфэктыўнасьці.

Як падкрэсьліваецца ў звароце, Чэрачань і ягоная каманда гатовыя зрабіць гэта «незалежна ад вынікаў выбарчай кампаніі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў пасланьні называе сваіх апанэнтаў альтэрнатыўшчыкамі. За што ён іх крытыкуе