«На фоне нашых мізэрных заробкаў ён дазваляе сабе палацы і самалёты». Віцебская мэдсястра пра барацьбу з каранавірусам і выбары

Мэдсястра аднаго зь віцебскіх шпіталяў на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе пра працу, заробкі, надзеі і страхі падчас пандэміі каранавірусу, а таксама патлумачыла, чаго мэдыкі чакаюць ад прэзыдэнцкіх выбараў.

«Стала менш складаных выпадкаў, але вірус усё яшчэ ёсьць»

«Мэдсёстры і дактары працягваюць працаваць з хворымі. І невядома, хто зь іх мае вірус. Усіх вязуць праз прыёмны пакой. Пасьля пачынаюць разьмяркоўваць. Спачатку пацыента кладуць у аддзяленьне. Праз 2–3 тыдні робяць тэст на антыцелы. Чаму б гэтага адразу не зрабіць? Ёсьць жа паказаньні — тая ж тэмпэратура. Калі вынік станоўчы, пераводзяць у „брудную“ зону. А зь ім ужо працавалі. Нас не берагуць. Не шануюць. Такое адчуваньне, што вядзецца выгадная для некага палітыка.

Хворых паменела. Менш стала і складаных выпадкаў. Але вірус усё яшчэ ёсьць. Хворыя на каранавірус ляжаць у абласным шпіталі, па-ранейшаму застаецца „бруднай“ зонай тэрапэўтычны корпус шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. Там ляжаць усе „складаныя“.

Ілюстрацыйнае фота

Шмат „кароньнікаў“ у псыханэўралягічным дыспансэры — сярод псыхічна хворых. Супрацоўнікі скардзяцца, што іх ня хоча прымаць інфэкцыйны шпіталь, бо з псыхічна хворымі няма каму вазіцца. Празь некалькі тыдняў нібыта адкрыюць радзільню на базе шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі. Кажуць, што шмат хворых на каранавірус сярод цяжарных. Ці адаб’ецца гэта на дзіцяці? Ніхто цяпер ня скажа.

Гарадзкія ўлады заўчасна адмянілі захады перасьцярогі. „Славянскі базар“ правялі недарэчы. Добра яшчэ, што чатыры дні і на вольным паветры. Але людзі былі бяз масак, дыстанцыю не захоўвалі. Яшчэ ня час для весялосьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандляры ў масках і антысэптыкі для кліентаў. Як выглядае Віцебск у першы дзень «Славянскага базару». ФОТА

«Цяпер у мэдыкаў пачынаюць хварэць сваякі»

«На каранавірус захварэла вельмі шмат мэдыкаў. Хтосьці перанёс вірус у складанай форме, хтосьці бессымптомна. Але гэта не фіксавалася як сьлед. Да прыкладу, з шасьці станоўчых тэстаў сярод супрацоўнікаў у базу заносілі толькі адзін.

Спачатку тэстаў мэдычнаму пэрсаналу ўвогуле не рабілі. Першую партыю прызначылі для пацыентаў. Абяцалі большую партыю тэстаў, каб праверыць мэдыкаў. Але неўзабаве прыйшоў загад, які забараніў нам здаваць тэсты. Пабаяліся, што ў кожнага другога будзе станоўчы вынік і працаваць ня будзе каму. Ці нармальная гэта палітыка?

На першым часе людзі абураліся. Малодшы пэрсанал зьвяртаўся да дзяжурнага ўрача, загадчыцы. Але што тыя могуць зрабіць, калі ёсьць загад зьверху? Прызвычаіліся. Цяпер у мэдыкаў пачынаюць хварэць сваякі.

Адміністрацыя трымаецца за свае месцы. За гады працы я бачыла розных кіраўнікоў. Цяпер Піначэт пранік паўсюль, як мэтастаз. Кіраўнікі сталі ў адносінах да людзей паводзіць сябе па-хамску. Старшы па званьні ня вучыць, а крычыць, прыніжае. Гэта як хвароба ў нашай краіне пайшла зьверху. Рыба гніе з галавы».

«Сьмерцяў было шмат»

«Мы ня ведаем афіцыйнай статыстыкі, але сьмерцяў было шмат. Сярод мэдыкаў ёсьць пэўная салідарнасьць. Мы размаўляем. Прыкладна ўяўляем, што адбываецца ў іншых шпіталях гораду.

З гісторыі хваробы і пасьведчаньня аб сьмерці вынікала, што чалавек памёр не ад COVID-19, а ад сваіх хранічных хваробаў, абвостраных вірусам. Я толькі адзін дыягназ бачыла: калі раней пнэўманія была „атыповая“, цяпер яна стала „неўдакладненай“.

Сярод віцебскіх калегаў з розных мэдычных устаноў мне вядома пра пяць сьмерцяў. Ёсьць яшчэ іншыя гарады вобласьці, а ў іх — іншыя выпадкі. Мы шмат чаго ня ведаем».

«Мэдыкі працавалі без усялякай засьцярогі»

«Спачатку галоўнай крыніцай інфармацыі былі чуткі. Ніхто нічога не тлумачыў. У красавіку была моцная хваля. Тады везьлі адначасова і шмат. У траўні былі цяжкія хворыя. Першы ўдар абрынуўся на першы гарадзкі шпіталь. Там на COVID-19 перахварэў амаль увесь пэрсанал. І здарылася першая сьмерць сярод мэдыкаў — у працэдурнай мэдсястры. Мэдыкі працавалі без надзейных сродкаў засьцярогі. Толькі цягам месяца сталі выдаваць маскі.

Пасьля перапрафілявалі чыгуначны шпіталь, некалькі аддзяленьняў шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі, абласны шпіталь. Амаль усе мэдычныя ўстановы гораду працавалі з хворымі на каранавірус.

Уначы вельмі шмат хворых вазілі. Далі такое распараджэньне. Быў выпадак, што жанчына пазваніла ў міліцыю і папрасіла патлумачыць, чаму са шпіталя вывозяць столькі трупаў. Насамрэч гэта ўначы перавозілі цяжкіх хворых на каталках з аднаго шпіталя ў другі.

«Мы самі сябе засьцерагалі»

«Закрытую зону амаль адразу аснасьцілі. Астатнія за свае грошы набывалі касьцюмы, маскі. Самі сябе засьцерагалі. Калі зьявілася дабрачынная дапамога, бухгальтэрыя разгубілася: ня ведала, як яе праводзіць. Тыдні два дабрачыннасьць ляжала на складзе. І гэта ў самы адказны момант.

Нібыта цяпер пракуратура пачала займацца гуманітарнай дапамогай. Дактары баяцца, каб іх не пасадзілі. Безь яе мы б ня справіліся — мэдыцына не была гатовая да пандэміі. У нас да гэтай пары няма загадаў па санэпідэмічнай частцы.

Цяпер у шпіталях дастаткова сродкаў засьцярогі. У „брудную“ зону апранаюць супрацьчумныя касьцюмы, у лябараторыях працуюць у масках, пальчатках і накідках. Маскі мяняюць кожныя дзьве гадзіны».

«Раней у „брудную“ зону баяліся ісьці. Цяпер за гэтыя месцы змагаюцца»

«Празь месяц пасьля насычанай працы пачалі выплачваць грошы. Каму выплацілі, каму — не. Загад быў недакладны, на хуткую руку. Кожная адміністрацыя зразумела яго па-свойму. У розных шпіталях былі розныя заробкі. Казалі, што пасьля гэтыя грошы ў асобных выпадках вылічвалі з зарплаты.

У „бруднай“ зоне адразу былі высокія стаўкі. Сярэдні мэдработнік атрымліваў каля трох тысяч. У так званай чыстай — 700 рублёў. Пасьля ўвялі невялікія надбаўкі — каля тысячы атрымалася. Але гэта было два разы. Загады прыходзяць ледзь ня кожны месяц. Яны ўсё больш дасканалыя, у тым сэнсе, што грошай няма, каб лішнія людзям раздаваць.

Спачатку казалі, што будуць плаціць па гадзінах, калі санітар працуе з „кароньнікамі“. Аплата — пры ўмове станоўчага выніку ПЦР-у (мазок на каранавірус). Іх робяць не адразу, а празь некалькі тыдняў. Аналізы часта паказваюць, што чалавек ужо перахварэў. І даплаты не адбываецца.

Людзі зразумелі, што рызыка паўсюль аднолькавая. І цяпер імкнуцца трапіць у „брудную“ зону. Там статус ёсьць, астатнія — гарматнае мяса. І калі раней у „брудную“ зону баяліся ісьці, то цяпер за гэтыя месцы змагаюцца».

«Мы самі выбіраліся з дэпрэсіі»

«Многія мэдыкі ад самага пачатку паддаліся дэпрэсіўным настроям. Было нямала выпадкаў, калі санітаркі звальняліся, дактары адмаўляліся ісьці ў „брудную“ зону. Страх гнаў. Я не асуджаю гэтых людзей. Псыхіка ў людзей розная. Засьцярогі ніякай не было. Хто сьмялейшы, той застаўся. Ня выключана, што гэта ўзьдзеяньне вірусу. Ён жа ня вывучаны як сьлед.

Мы самі выбіраліся з дэпрэсіі. Нашыя людзі моцныя. Гэта на Захадзе прынята адразу зьвяртацца да псыхоляга. Яшчэ невядома, на чым гэтая дэпрэсія адаб’ецца — на ўнутраных органах ці на мозгу.

Мэдыкаў моцна ўразіў выпадак з доктарам шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Натальляй Ларыёнавай. Яна адна зь першых у Віцебску адкрыта заявіла пра небясьпеку каранавірусу і патрабавала для мэдыкаў спэцабароны. Калегі казалі, што за дзень у шпіталь магло ехаць каля 70 хуткіх — везьлі пнэўманіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскую лекарку, яка напісала пост пра сытуацыю з COVID-19, выклікалі ў пракуратуру. Яна і там заклікала да карантыну

Замест таго каб прыслухацца да словаў доктара, з жанчыны зрабілі псыхічна хворую. З словаў калег, у шпіталь нават выклікалі брыгаду з псыханэўралягічнага дыспансэру, каб яе забраць. Але знайшліся людзі зь цьвярозым розумам, якія не дазволілі гэтаму адбыцца. Доктар Ларыёнава засталася на працы. Цяпер мэдыкі баяцца адкрыта нешта камэнтаваць.

Спачатку быў страх перад вірусам. Пасьля — крыўда. Сьцярпелі. Цяпер адчуваецца стомленасьць. Мэдыкаў з закрытых зон пачалі адпускаць у адпачынак».

«Нам сказалі быць гатовымі да канца году»

«Улады кажуць, што каранавірус пераможаны. Людзі стаміліся, у тым ліку ад масачнага рэжыму. Ад ізаляцыі. Ад уціску. Ад адсутнасьці праўдзівай інфармацыі. Цяпер вірус суцішыўся нібыта, і людзі расслабіліся.

Яшчэ можа быць другая хваля. А якой яна будзе? Зыходзячы з фактаў, вірус стаў менш агрэсіўны. Ёсьць цяжкія выпадкі. Але не ў такой вострай форме, як было ў красавіку-траўні. Калі хваля пачнецца, гэта будзе ўвосень. Хаця ў любы момант можа ўспыхнуць ачаг. Нам сказалі быць гатовымі да канца году.

Што будзе з вакцынай, таксама не зразумела. Вірус хутка муціруе. Вынайдуць адну форму вакцыны, акажацца, што вірус у другую форму перайшоў».

«Ён зарабіў вялікі мінус з боку мэдыкаў»

«Напярэдадні выбараў калегі прыглядаюцца да альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

Ён (Лукашэнка. — РС) зарабіў вялікі мінус з боку мэдыкаў. Каранавірус — гэта ўжо апошняя кропля. Павагі да нас не было. Мы ж глупствам займаліся. Гэта ж усё несур’ёзна. Давай, бяры касу, ідзі касіць, ідзі на трактар — гэта лечыць. А мы — дробязь. Кажуць пра сьмерці, але колькі было і ўратаваных жыцьцяў.

Да гэтага ён, як Сусанін, завёў нас у балота, дзе мы і сядзелі. Людзі кажуць: абы не было вайны. Магчыма, нейкі выбух і патрэбны быў, каб рух распачаўся. На фоне нашага жыцьця — мізэрных заробкаў, росту цэнаў — ён сабе дазваляе балі, палацы, самалёты. Абураюць ягоныя звароты да людзей, асабліва да жанчын. А сярод мэдыкаў шмат жанчын».

«Можна і гэтым разам перачакаць. Пасьля будзе сорамна, што ты застаўся ўбаку»

«Я разумею, што са зьменай улады не адразу ўсё зьменіцца. Але хочацца верыць у гэтых дзяўчат. Сьвятлана Ціханоўская мне вельмі імпануе. У яе на твары напісаная прыстойнасьць. Яе пакінулі, бо гэта жанчына, якая нібыта не ўяўляе пагрозы. А тут вось як павярнулася.

Ад самага пачатку я разьлічвала на Сяргея Ціханоўскага. Ён першым пачаў увесь бруд паднімаць — за свае сілы, час, грошы. Каб ня ён, магчыма, ніякіх усплёскаў не было б на гэтым балоце. Ён першы падняў хвалю.

Трэба варушыць людзей. Рабства, якое тут было стагодзьдзямі, з генамі перадаецца. Яно ў нас у крыві. Шкада, што гэтага ня бачна ў аналізах.

Я пайду на выбары і аддам свой голас за альтэрнатыўнага кандыдата. Хачу, каб узровень мэдыцыны ў краіне быў вышэйшы, а стаўленьне да працы мэдыкаў — лепшае.

Вядома, можна і гэтым разам перачакаць. Але пасьля сорамна будзе за тое, што ты застаўся ўбаку».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ