Які сыгнал «міласэрны» Лукашэнка дасылае сілавікам

Нарада Аляксандра Лукашэнкі са старшынём КДБ Валерыем Вакульчыкам і кіраўніком Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам.

Аляксандар Лукашэнка выявіў неўласьцівыя яму спагадлівасьць і міласэрнасьць, калі ў размове з кіраўнікамі КДБ і Сьледчага камітэту папрасіў ня быць жорсткімі з затрыманымі расейскімі баевікамі.

«Яны салдаты, выконвалі загад», — патлумачыў Лукашэнка.

За апошнія 20 гадоў гадоў Лукашэнка, наколькі вядома, не памілаваў ніводнага зь некалькіх сотняў асуджаных на сьмяротнае пакараньне. І тут — такая міласэрнасьць.

І гэта да тых, хто падазраецца ў тэрарыстычнай дзейнасьці! А што такое тэракт у Беларусі? Ды што заўгодна. Тэракт у менскім мэтро памятаюць усе. А ўявіце тэракт на Астравецкай АЭС, калі яна пачне працаваць, і маштаб наступстваў.

Уяўляеце цяпер памеры Лукашэнкавай міласэрнасьці?

Прычым, што цікава, дзяржаўнае тэлебачаньне паказала гэтыя словы, якія тычыліся характару сьледзтва і былі адрасаваныя дзьвюм асобам — кіраўнікам КДБ і Сьледчага камітэту. Чаму?

Ды таму, што словы Лукашэнкі былі адрасаваныя ня двум генэралам. І не дзевяці з паловай мільёнам жыхароў Беларусі. А тым некалькім дзясяткам тысяч байцоў сілавых структураў — АМАПаўцаў, спэцназаўцаў, салдат і афіцэраў унутраных войскаў, якія цяпер трэніруюцца разганяць мірныя акцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад удзелу ў разгоне дэманстрацый можна адмовіцца». Гутарка з былым афіцэрам унутраных войскаў

Вы выконваеце нечы загад! А значыць, вы ня будзеце несьці адказнасьць! — дае зразумець Лукашэнка. — Зьбівайце, цягніце па асфальце за валасы, кідайце на падлогу ў аўтазак і там зьбівайце, прывозьце ў пастарункі і там зьбівайце, давайце хлусьлівыя сьведчаньні на судах, — вы ўсяго толькі выконваеце загад. Значыць, адказваць ня будзеце.

Няпраўда. Заканадаўства не вызваляе ад выкананьня злачынных загадаў. Але міжнароднае права ня проста дазваляе, але нават абавязвае не выконваць злачынныя загады.

І менавіта гэтым кіраваліся суды ў краінах былога сацыялістычнага лягеру, калі выносілі прысуды тым, хто быў усяго толькі «салдатамі дыктатуры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы хочуць пасьмяротна пазбавіць Ярузэльскага генэральскага званьня