«Глядзець на лукашэнкаўскую Беларусь невыносна цяжка». Сілавікі і пратэстоўцы ў жывапісных гісторыях Ігара Рымашэўскага

«Можна застрашваць выкраданьнямі, даймаць штрафамі. А што далей? Гэта тупік. Нават у беларусаў цярпеньне не бясконцае». Мастак Ігар Рымашэўскі пра сур’ёзныя рэчы ў «наіўным» жывапісе.

Ігар Рымашэўскі спэцыялізуецца на працы ў стылі «наіў». На карцінах пазнавальная архітэктура, тутэйшыя людзі ды знакамітыя каты ў гарадзкім антуражы. Ад насычаных колерам палотнішчаў заўсёды зыходзяць станоўчыя флюіды, якія зараджаюць гледача добрым настроем.

Мастак Ігар Рымашэўскі

«Хочацца верыць, што дыктатура не навечна»

Зрэшты, ёсьць у мастакоўскай калекцыі тэматычнае адгалінаваньне, якое стаіць асобна. Супрацьстаяньне праваахоўнікаў з народам, разгон дэманстрацый, абавязковыя аўтазакі, прывод мітынгоўцаў у пастарункі. Над усім — зборны вобраз здаравяка-амапаўца.

«Если кто-то кое-где у нас порой...»

Працы напісаныя ў розныя гады, але іх актуальнасьць з часам не зьнікае. Наадварот, падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі героі палотнішчаў атрымалі другое дыханьне.

«Час ідзе, а ў нашай краіне рэаліі набываюць усё больш вычварныя формы, — кажа мастак. — Хочацца верыць, што дыктатура не навечна, некалі жыцьцё зьменіцца. Але тое, што намалявана ў 2010-м, актуальна і сёньня, гэта факт.

На цяперашніх навінах можна штампаваць „хроніку“ бясконца, але ня хочацца ператварыцца ў плякат, трыбунны жывапіс. Па гарачых падзеях у галаве шмат чаго ўзьнікае, проста бывае так мярзотна на душы, што толькі злосьць і роспач. А часам карціць зрабіць. Думаю, будзе нешта зьяўляцца — кожны дзень падкідвае новыя сюжэты».

«Бітва на мосьце»

Сям’я Рымашэўскіх жыве ў гістарычнай частцы Менску і міжволі апынаецца ў эпіцэнтры падзеяў. Фіксаваць гісторыю можна ледзь не з вакна, удакладняе ён. Дарэчы, жонка Ігара Людміла, дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, таксама ахвотна рэагуе на надзённыя праблемы, пра яе «каранавірусны цыкль» Свабода расказвала на пачатку пандэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумныя карціны на «дзень дурня»: як менская мастачка малюе каранавірус і самаізаляцыю

«Так склалася, што танальнасьць усёй краіне задае сталіца, — працягвае Ігар. — А цэнтар Менску — гэта канцэнтрацыя палітычнага, грамадзкага руху. Скажам, насупраць нашага дома — тэатар лялек. Акурат перакур, выходзяць у сцэнічных строях: сьмешныя пінжакі, капелюшы. Відаць, рэпэтуюць. А побач жалезны шчыт каля сьметніцы і надпіс: „Сашка 3%“.

Рэаліі перамешаныя ў адным месцы: і амапаўцы, і апазыцыя, і раварысты з прабегаў, і Коля Лукашэнка ў ліцэі. Усё тут і цяпер. А што мастак? Яму нічога не застаецца, як назіраць і адлюстроўваць жыцьцё ў сваіх працах».

«Усе на выбары!»

Згаданыя на «дошцы ганьбы» працэнты за дзейнага кіраўніка Ігар Рымашэўскі гатовы паставіць пад сумнеў. Праўда, не на карысьць героя графіці: у ягоным атачэньні няма і 3%, хто прагаласаваў бы за «лідэра нацыі», канстатуе ён. Тут нават прынада ў выглядзе выбаркамаўскіх буфэтаў не спрацуе, сьмяецца ён.

«У мяне няма ніводнага сябра ці знаёмага, які б думаў інакш: улада мусіць памяняцца. Усё. Глядзець на лукашэнкаўскую Беларусь невыносна цяжка. Таму найперш цешыць, што людзі прачнуліся, перасталі баяцца.

Па-другое, памяняўся вэктар супраціву. Дагэтуль БНФ і іншыя абапіраліся на нацыянальную сьвядомасьць. А гэтым разам плятформа яднаньня значна пашырылася. Варыянты зьмены ўлады? Штодня слухаю аналітыкаў — і нашых, і замежных. І ніхто ня можа спрагназаваць, што далей. Лукашэнка некіраваны: сёньня ў яго „вагнэраўцы“, заўтра прыляцяць іншаплянэтнікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 вобразаў Аляксандра Лукашэнкі ў выяўленчым мастацтве — да 25 гадоў кіраваньня

«Перадсьмяротныя сутаргі, абы ўтрымацца ва ўладзе»

Ігар Рымашэўскі кажа, што пасьля прагляду навінаў на афіцыйных тэлеканалах нарадзілася ідэя новай футурыстычнай карціны — «Зорныя войны на глёбусе Беларусі». Калі трызьніць, то па поўнай праграме, сьмяецца ён.

«Ніхто ня пройдзе»

«Паглядзеў, як Лукашэнка інспэктуе спэцназ, дзе яму паказваюць вайсковы арсэнал, а заадно ладзяць шоў разгону мітынгоўцаў, — дзеліцца крыніцамі натхненьня мастак. — Адразу ж зьявілася думка давесьці сытуацыю да поўнага абсурду: галоўнакамандуючы прымае супэр-пупэр касьмічную зброю, каб быць гатовым адбіваць атакі з сузор’я Андрамэды.

І гэта якраз выпадак, калі той жа „наіў“, „прымітыў“ абсалютна да месца. Бо ўсё, што апошнім часам робіць улада, гэта на мяжы фантасмагорыі, чагосьці нерэальнага. Рух у кірунку поўнага ідыятызму».

Карціны Ігара Рымашэўскага заўсёды выклікаюць усьмешку. А як рэагаваць на палотнішчы, дзе адлюстраваныя ня самыя вясёлыя рэаліі? Высновы мусіць зрабіць кожны самастойна, падказвае мастак.

«За свабоду!»

«Я ўсё раблю з гумарам, — пагаджаецца аўтар. — У кагосьці гумар чорны, хтосьці „страляе“ проста ў лоб. А я люблю шукаць штосьці вясёлае, хоць пагаджуся, што з кожным годам нагоды пасьмяяцца ўсё меней і меней.

Калі людзі сядзяць па турмах, калі моладзь зьяжджае, калі бацькі баяцца за дзяцей — што тут сьмешнага? Тым ня менш пры любым рэжыме трэба знаходзіць, з чаго парагатаць. Думаю, з Кім Чэн Іна таксама нехта цішком сьмяецца. Хоць, пэўна, у КНДР размова кароткая — адразу расстрэл. У нас яшчэ да гэтага не дайшло. Але ўпэўнена набліжаецца, што вельмі сумна».

Творцу падабаецца цяперашні настрой у грамадзтве — людзі падбадзёрыліся, зьявілася вера ў перамены. У гэтым, бадай, галоўнае адрозьненьне ад папярэдніх палітычных кампаній.

«На карантыне»

«Дай Божа, каб нешта выгарала, бо кожны дзень прыносіць новыя сюрпрызы. Як панядзелак пачынаецца — хавайся ў бульбу. Ці зварот да парлямэнту, ці паездка на фэрму — выкідвае такое, што нармальнаму чалавеку нават не прысьнілася б. Можа, яшчэ да надзвычайнага становішча дадумаецца, мы ж ня ведаем...

Што натхняе, дык гэта настрой людзей. На пачатку было пэўнае расчараваньне. Здавалася, што беларусы зноў адседзяцца, ніякай актыўнасьці. І раптам паўсталі ўсе! Пэнсіянэры, студэнты, нават бюджэтнікі. Дапякло аж так, што плюнулі на наступствы».

Сілы цяперашняга рэжыму не бяздонныя, перакананы Ігар Рымашэўскі. Як паказваюць апошнія агітацыйныя пікеты альтэрнатыўнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, нават паслухмяных беларусаў ужо цяжка ўтрымаць на кароткім павадку застрашэньня.

«Увага! Вышук»

«Ну колькі можна палохаць сілай, страхам? Усіх не перасаджаеш, калі на тое пайшло. Можна застрашваць выкраданьнямі на вуліцах, даймаць штрафамі. А што далей? Гэта тупік. Нават у беларусаў цярпеньне не бясконцае.

Каго затрымліваюць? Скрозь інтэлігентныя твары: пажылыя людзі, прыгожыя дзяўчаты, хлопцы на роварах, кампутарнікі, мастакі. Мятуць усіх запар, не пытаючыся, хто і адкуль. Гэта што, нармальна? Хто ж да такой улады будзе добра ставіцца? Я ўжо не кажу пра павагу. Нейкія перадсьмяротныя сутаргі, абы толькі ўтрымацца пры кармушцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе сьмяюцца, страху няма». Менская мастачка зрабіла Лукашэнку героем усходняга календара

«Ні вайны, ні крыві ў грамадзтве ніхто ня хоча»

Караля робіць сьвіта, цытуе ходкае выказваньне Ігар Рымашэўскі. У Беларусі «самакаранаваны лідэр» і ягонае атачэньне адно аднаго вартыя. Закансэрваваліся ва ўяўнай стабільнасьці, ня маюць здаровых амбіцый, працягвае ён. Зацыкліліся на «чарцы-скварцы», пераступіць на большую ступень разьвіцьця нават не імкнуцца.

«Гістарычны прыклад для перайманьня»

«Глядзіш на ягоных давераных асобаў, і не разумееш, у якіх гадавальніках іх штампуюць, — нейкія партыйцы савецкіх часоў, — абураецца мастак. — На мітынгі Сьвятланы Ціханоўскай і яе сябровак прыходзяць тысячы людзей: усе натхнёныя, сьмяюцца, фатаграфуюцца. Прыемна бачыць саму карцінку! І чытаю, як у нейкай школе „топіць“ за Лукашэнку намесьніца міністра аховы здароўя Богдан. Здымаць нельга, пытаньні адфільтраваныя. Ня толькі пра яе гаворка, астатнія агітатары ня лепшыя. Гэта што за мадэль паводзінаў, зь якога стагодзьдзя? Людзям тая пагарда проста надакучыла».

Згаданая Алена Богдан сярод тых чыноўнікаў, каго кінулі супрацьстаяць каранавірусу. Але, зьвяртае ўвагу Ігар Рымашэўскі, замест таго, каб прызнаць паразу, улада прысвойвае заслугі грамадзянскай супольнасьці. Пакуль бравіравалі «неўміручасьцю», дзяржаўную мэдыцыну ратавалі патэнцыйныя пацыенты. Праўда, заслугі валянтэраў стараюцца не афішаваць.

«Таблетка ад „псыхозу“ і каранавірусу»

«Нам расказваюць пра „псыхоз“, але нават Расея не сьпяшаецца адкрываць межы з „рассаднікам каранавірусу“, — канстатуе ён. — Тая ж Богдан надзімаецца, што мы самыя разумныя, абышліся без карантыну, і галоўная заслуга ў гэтым — нашага правадыра. Прэзыдэнт даў загад — усе ў момант перастроіліся, пачалі шыць маскі, забясьпечылі і мэдыкаў, і лякарні. Пра валянтэраў нават не згадала, які аб’ём працы яны выканалі і за чые грошы насамрэч шпіталі атрымалі сродкі засьцярогі. Ну і калі мы такія перадавікі, чаму з усіх бакоў так запакаваныя і нас баяцца, як чумных?»

Бездань паміж прыхільнікамі пераменаў і адэптамі лукашэнкаўскага застою ўсё большая, перакананы Ігар Рымашэўскі. І надзеі на тое, што паралелі могуць перакрыжавацца, хіба гіпатэтычныя.

«Зварот да народу і парлямэнту». Аўтар Людміла Шчамялёва

«З усіх «прасаў» прапагандысты трубяць: цяперашні лад ідэальны, а калі парушыць стройную сыстэму, бяз «пастыра» будзе капут. Усё разваліцца, багацьці прададуць і будзем хадзіць без штаноў і ў лапцях. З гэтай лёгікі вынікае, што даказаць адваротнае апанэнты хай нават і ня мараць. У людзей няма намеру, умоўна кажучы, браць вілы і ісьці на плошчу. Ні вайны, ні крыві ніхто ня хоча. Пра гэта гаворыць толькі № 1 і ягоныя ідэолягі. Ня дай Бог пачнецца, будзе страшна. Дык што, мы ў закладніках? «Пакуль сьмерць не разлучыць нас»?

Летась Ігар Рымашэўскі адзначыў 60-гадовы юбілей. Вучыўся ў Менскай мастацкай вучэльні, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Людмілай Шчамялёвай. Пасьля заканчэньня ўстановы працягнуў адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Мастак Ігар Рымашэўскі

Ад пачатку 1980-х творы сямейнага тандэму экспануюцца на нацыянальных і міжнародных выставах. Працы знаходзяцца ў зборах музэяў, галерэяў і ў прыватных калекцыях па ўсім сьвеце — ад Беларусі і краін-суседак да ЗША і Японіі.