Зяленскі: Украіна будзе настойваць на экстрадыцыі затрыманых у Беларусі баевікоў

Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Украіна запатрабуе ад Беларусі экстрадыцыі затрыманых там 33 людзей, названых баевікамі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якіх падазраюць у ваенных злачынствах на тэрыторыі Данбасу. Пра гэта гаворыцца ў заяве Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, апублікаванай 30 ліпеня.

«Украіна будзе настойваць на экстрадыцыі ўсіх асоб, якія маюць дачыненьне да ваенных злачынстваў на часова акупаванай тэрыторыі і ў дачыненьні да якіх Служба бясьпекі Ўкраіны сабрала дастаткова доказаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Офісе прэзыдэнта заявілі, што пакуль ідуць кансультацыі зь беларускім бокам аб гэтым пытаньні.

Раней пра намер патрабаваць экстрадыцыі баевікоў заявілі ў Службе бясьпекі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў будзе настойваць на экстрадыцыі затрыманых у Беларусі «вагнэраўцаў», — СБУ

29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне «33 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Згодна з паведамленьнем, яны прыбылі ў Беларусь у ноч з 24 на 25 ліпеня «для дэстабілізацыі сытуацыі ў пэрыяд выбарчай кампаніі».

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў усё гэта «надзвычайным здарэньнем», сабраў Савет бясьпекі, абвінаваціў Расею ў «брудных намерах».

Вядома таксама, што ў МЗС Беларусі выклікаюць паслоў Украіны і Расеі. Калі адбудзецца сустрэча, пакуль невядома.

Сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў 30 ліпеня паведаміў, што цяпер на тэрыторыі краіны працягваецца пошук яшчэ каля 200 баевікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі запытала інфармацыю пра затрыманых баевікоў у амбасадараў Расеі і Ўкраіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС РФ: «Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрыманьня 33 грамадзян Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі»